Новости Молодечно и Молодечненского района

Восень -- работ восем

  • 2023-10-16 13:08:44
  • Алег Бяганскі

Гаспадарку я наведаў разам са старшынёй раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Анатоліем Фурсам. У дзень візіту хажоўцы ўбіралі кукурузу на сілас, цукровыя буракі, дыскавалі і ўзворвалі глебу, выконвалі іншыя работы. Важная задача -- пастаноўка сельскагаспадарчай тэхнікі на зімовае захоўванне.

-- Сродкі механізацыі, якія цяпер не выкарыстоўваюцца, але будуць задзейнічаны ў наступным палявым сезоне, неабходна захаваць у рабочым стане, -- расказаў выконваючы абавязкі галоўнага інжынера гаспадаркі Уладзімір Сіляўскі. -- Для гэтага тэхніку чысцяць, вузлы і агрэгаты змазваюць, нацяжныя рамяні аслабляюць… Камбайны і іншая складаная тэхніка ставіцца пад спецыяльны навес. Усё гэта гарантуе яе захаванасць.

Субяседнік дадаў, што машынна-трактарны парк гаспадаркі рэгулярна абнаўляецца. Новая сучасная тэхніка дазваляе выконваць задачы з меншай колькасцю работнікаў, эканоміць час, паліва, іншыя рэсурсы. Летась гаспадарка на ўмовах лізінгу набыла энерганасычаны «Беларус 35-22». Адзін з самых магутных айчынных трактароў паказаў сябе выдатна. Кіраваць ім даверылі механізатару Сяргею Мандрыку.

-- Тэхніка добрая, працаваць на ёй камфортна, -- адзначыў Сяргей Пятровіч. -- Трактар надзейны. Работу рухавіка рэгулюе бартавы камп’ютар. «Беларус» быў задзейнічаны на многіх відах палявых работ. Цяпер на ім праводзіцца дыскаванне глебы. За адзін праход агрэгат апрацоўвае паласу шырынёй 6 метраў.

Значная частка прадукцыі раслінаводства гаспадаркі фарміруе кармавую базу для грамадскага статка. Пры гэтым ад колькасці і якасці кармоў залежыць, наколькі паспяхова пройдзе зімова-стойлавы перыяд. Таму наступная кропка нашага маршрута -- малочнатаварная ферма «Слабодка».

-- На ферме ўтрымліваецца 857 галоў буйной рагатай жывёлы, 472 з іх -- дойны статак, -- расказала брыгадзір МТФ Святлана Луновіч. -- Кармоў для падапечных назапашана дастаткова. Зіму мы сустракаем спакойна. Малако на перапрацоўку пастаўляецца гатункамі «экстра» і вышэйшым. Ветэрынарная і заатэхнічная службы працуюць эфектыўна.

Адна з лепшых работніц фермы -- аператар па гадаванні цялят Рыта Шоць. У яе 150 падапечных ва ўзросце ад нараджэння да трох месяцаў. Бычкі і цялушкі дзякуючы яе клопатам растуць хутка. Прывагі складаюць амаль 800 грамаў за суткі. Падзяжу маладняку работніца не дапускае.


-- Даглядаю цялят восем гадоў, -- гаворыць Рыта Уладзіміраўна. -- Галоўнае ў маёй рабоце -- любіць жывёлу і добрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў. Важна своечасова пакарміць падапечных, убраць за імі, заўважыць, калі бычок або цялушка захварэюць. Сама я вырасла і жыву на вёсцы. Таму спецыфіку працы ў сельскай гаспадарцы ведаю з дзяцінства.

З аграрнай галіной звязала сваё жыццё і дачка субяседніцы Вікторыя. Дзяўчына малады спецыяліст, працуе ў гаспадарцы эканамістам. Яшчэ адна дачка Рыты Уладзіміраўны вучыцца на цырульніка.

-- Людзі заўсёды былі і ёсць галоўнае багацце любога калектыву, -- падсумаваў вынікі наведвання гаспадаркі Анатолій Фурс. -- У «Хажоваагра-2009» гэта разумеюць, таму ствараюць для работнікаў камфортныя ўмовы. Адміністрацыя працуе ў цесным кантакце з прафсаюзамі. Выйграюць ад такога ўзаемадзеяння ўсе.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.