Каб пераканацца, што аматарам пляжнага адпачынку ў такіх месцах нічога не пагражае, рэйдавая група наведала дазволеныя для купання вадаёмы ля Радашковіч. У яе складзе былі старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага таварыства ратавання на водах Анатолій Пяцюшык, метадыст упраўлення па адукацыі райвыканкама Аляксандр Касцюк і супрацоўнік Маладзечанскага ГРАНС Руслан Магала.
Маршрут быў выбраны невыпадкова. Ваколіцы Радашковіч з поўным правам называюць мясцовай Швейцарыяй. Яны надзвычай маляўнічыя, пакрытыя хвойным лесам. Тут размешчаны дамы адпачынку і дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Месца папулярнае ў аматараў адпачынку на прыродзе.
Першы пункт на маршруце – вадаём Удранка. Хаця рэйд праходзіў у будні дзень, на паркоўцы мы ўбачылі дзясяткі аўтамабіляў. Людзі загаралі на пляжы або купаліся. У зоне адпачынку абсталяваны пост Асвод. Ёсць туалет, раздзявалкі, кантэйнер для збору смецця. На стэндзе размешчана наглядная інфармацыя аб правілах купання.
Аляксандр Касцюк адразу накіраваўся да адпачывальнікаў, Анатолій Пяцюшык і Руслан Магала пачалі праверку выратавальнага паста. Аўтар гэтых радкоў пагаварыў з некаторымі наведвальнікамі зоны адпачынку.
Так, Марыя Вакульчык з дачкой Алісай прыехала з Мінска. Адпачываюць на Маладзечаншчыне яны ўжо некалькі дзён. Выбралі Удранку, бо тут бяспечна, зручны спуск у ваду. А яшчэ вечарам дзяжурыць міліцыя. Так больш спакойна для мамы і для дзіцяці. Прыкладна тое ж адзначалі і іншыя бацькі.
Між тым Аляксандр Касцюк правёў інструктаж з вучнямі адной са школ, якія адпачывалі пад наглядам педагогаў. Ён нагадаў, што ў вадзе нельга забаўляцца, заплываць за буйкі, скакаць з дамбы, парушаць іншыя правілы купання.
— У час канікул дзеці заўсёды павінны быць пад наглядам дарослых, — падкрэсліў прадстаўнік упраўлення па адукацыі. – Асабліва гэта актуальна ў час пляжнага адпачынку. На жаль, бываюць выпадкі, калі бацькі самі купаюцца ў забароненых месцах і дазваляюць гэта рабіць сваім дзецям.
Старшы матрос-ратавальнік паста Асвод Дзяніс Садоўскі дадаў, што большасць людзей паводзяць сябе на пляжы правільна. Бацькі і выхавальнікі сочаць за дзецьмі.
— Пост Асвод працуе з дзесяці гадзін раніцы да дзесяці вечара ўвесь купальны сезон (да канца верасня), — падкрэсліў Дзяніс Садоўскі. — Усё неабходнае для выратавання ў нас ёсць — выратавальныя камізэлькі, дзве лодкі, рацыя. Значна дапамагае ў рабоце тое, што я мясцовы жыхар: вадаём з усімі водмелямі і глыбокімі месцамі ведаю выдатна.
Наступны вадаём, які мы наведалі, знаходзіцца ля санаторыя «Сасновы бор». Рэйдавая група таксама не заўважыла тут парушэнняў.
— Плошча вадаёма каля пяці гектараў, — расказаў матрос-ратавальнік Андрэй Супрановіч. – Адпачывальнікі могуць узяць напракат лодку або катамаран. Акрамя тых, хто знаходзіцца ў санаторыі, сюды прыязджаюць мінчане і жыхары Маладзечаншчыны. Для ўсіх створаны камфортныя ўмовы адпачынку.
У гэтым члены рэйдавай групы пераканаліся асабіста.
— Такія праверкі ў час купальнага сезона праводзяцца пастаянна, — паведаміў на зваротным шляху Анатолій Пяцюшык. – Іх мэта — папярэджанне гібелі людзей на водах. Рэйды праходзяць як на вадаёмах, дазволеных для купання, так і на забароненых для наведвання водных аб’ектах (такіх у раёне больш за 80). Мерапрыемствы даюць вынік. З кожным годам колькасць ахвяр воднай стыхіі зніжаецца.
ЛІЧБЫ. Па даных Асвода з пачатку года да 24 чэрвеня ў Беларусі патанулі 194 чалавекі, у тым ліку 17 непаўналетніх. З агульнай колькасці патанулых у стане алкагольнага ап’янення былі 85 чалавек. За названы перыяд выратавана 169 чалавек, у тым ліку 49 непаўналетніх. 8238 чалавек папярэджаны за парушэнне правілаў аховы жыцця на водах, у іх ліку 1517 непаўналетніх. Сёлета на Мала-
дзечаншчыне ахвярамі воднай стыхіі сталі два чалавекі.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.