Каб даведацца, як працуецца аграрыям, адпраўляемся ў поле. У той дзень «зялёнае жніво» праходзіла недалёка ад Маладзечна. Скошаныя травы былі сабраныя ў валкі. Кормаўборачныя камбайны падбіралі пажыўную масу і ссыпалі ў кузаў аўтамабіля або прычэп трактара. Калі тэхніка напаўнялася, яе месца ля камбайна займала іншая. Кармы аператыўна адвозілі ў сіласную яму. Зялёны канвеер працаваў без збояў.
Мы дачакаліся кароткага перапынку і пагаварылі з работнікамі. Усе яны маюць немалы вопыт у «зялёным жніве».
— Ва «Усходзе-Агра» працую каля двух дзясяткаў гадоў, — гаворыць вадзіцель Юрый Раманоўскі. – За гэты час асвоіў многія віды работ. Цяпер адвожу зялёную масу з поля ў траншэю. За змену раблю каля 15 рэйсаў. Надвор’е пакуль добрае, камфортнае. Гарачыя абеды нам прывозяць у поле. Ды і пра падвячоркі гаспадарка не забывае. Таму настрой у мяне і маіх калег добры.
Аляксей Шчавель, які працуе на корманарыхтоўчым камбайне, адзначыў, што ва ўдзельнікаў кампаніі ёсць добрая магчымасць зарабіць. Травы сёлета ўрадзілі. А быць у полі ад цямна да цямна аграрыі прывыклі.
Максім Бекіш адвозіў зялёную масу з поля. 10-тонны прычэп яго «Беларуса» напаўняўся за лічаныя хвіліны.
— Галоўнае для нас – зладжанасць работы, — падкрэсліў механізатар. – Я падстройваюся пад рух камбайна, мы едзем з адной хуткасцю на вызначанай адлегласці адзін ад аднаго. Пастаянна сачу, каб здробненая трава не перасыпалася праз барты. Працаваць трэба акуратна. У гаспадарцы я ўжо 15 гадоў. Вопыт ёсць, таму ўсё праходзіць на аўтамаце.
Трэба адзначыць, што летась Максім Бекіш у складзе камбайнавага экіпажа намалаціў каля 1700 тон збожжавых і зернебабовых. Ён падкрэсліў, што «зялёнае жніво» — гэта толькі пачатак уборачнай. Праз некаторы час паспеюць рапс, іншыя культуры. Працаваць і надалей давядзецца з поўнай аддачай. Інакш нельга. Такая спецыфіка сельскай гаспадаркі.
У час паездкі мы пераканаліся, што каровы не застануцца без смачнай і карыснай ежы. Усе перадумовы для гэтага ёсць.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.