Калі прыехалі на месца, работы былі ў самым разгары. Выконвалі рамонт спецыялісты адкрытага акцыянернага таварыства «Спецбудмеханізацыя». Яны клалі плітку,
устанаўлівалі бардзюры. Замест старога асфальту з’явіцца новы.
— На аб’екце задзейнічаны дзясяцера чалавек, — паведаміў прараб Дзмітрый Макей. – На першым этапе наша задача – адрамантаваць участак ад скрыжавання вуліц Чкалава і Машэрава да сярэдняй школы №2. Рамонт праводзіцца якасна, выконваюць яго вопытныя спецыялісты. На рахунку кожнага шмат такіх аб’ектаў, і не толькі ў нашым горадзе.
Трэба адзначыць, што немалаважнае значэнне мае «грамадскі кантроль». За ходам работ назіраюць мясцовыя жыхары. Прахожыя падбадзёрваюць будаўнікоў і жадаюць ім поспехаў. Людзі радуюцца, што вуліца стане больш камфортнай і бяспечнай. Тут з’явяцца тратуары, лягчэй будзе манеўраваць транспарту.
— Наш калектыў перамагае ў тэндарах на рамонт, будаўніцтва і добраўпарадкаванне многіх аб’ектаў, — паведаміў дырэктар ААТ «Спецбудмеханізацыя» Канстанцін Манюк.
– Адбываецца гэта дзякуючы якасці і аптымальным тэрмінам будаўніцтва. Таварыства ўпэўнена трымаецца на рынку будаўнічых работ. Цяпер нашы спецыялісты ўзводзяць інтэрнат і дарогу да яго ў аграгарадку Прылукі Мінскага раёна, пракладваюць інжынерныя сеткі і добраўпарадкоўваюць тэрыторыю вакол новай малочнатаварнай фермы ля вёскі Мароські, працуюць у раёнах індывідуальнай забудовы ў Маладзечне, Чысці, Нарачы... Арганізацыя мае дастойную дзелавую рэпутацыю, і гэта з’яўляецца нашай канкурэнтнай перавагай.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.