Новости Молодечно и Молодечненского района

В Молодечно районный совет ветеранов возглавила Татьяна Шафалович

  • 2020-02-10 05:46:40
  • Анжаліка Крупянькова

Станіслава Уладзіміраўна амаль 20 гадоў узначальвала раённую ветэранскую арганізацыю, гуртавала вакол сябе актыўных і нераўнадушных пенсіянераў, была ініцыятарам шматлікіх мерапрыемстваў, акцый, конкурсаў. Разам з актывам савета дапамагала пажылым людзям у рашэнні надзённых пытанняў, адстойвала іх інтарэсы на самых розных узроўнях. Пад яе кіраўніцтвам ветэранская арганізацыя значна пашырылася, прырасла новымі «пярвічкамі», у ёй зарадзіліся свае традыцыі. Неаднойчы яна займала лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці, ды і ў маштабах краіны з’яўляецца адной з самых моцных і шматлікіх. Гэта падкрэсліў у сваім выступленні старшыня праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Іван Гардзейчык, які ўручыў Станіславе Зубковай Ганаровую грамату.

Шчырыя словы ўдзячнасці за работу выказалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Алеся Лукоўская, намеснік старшыні савета Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў Рэгіна Кузьміч, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Сакалоўская, намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Ніна Шарыпава, старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Анатолій Асманаў. За вялікі ўклад у развіццё ветэранскага руху Станіславе Зубковай уручылі Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта, іншыя ўзнагароды.

Выступоўцы асабліва падкрэслівалі, што Станіслава Уладзіміраўна — чалавек з вялікім сэрцам, добрай душой, якая перажывала за кожную пярвічную арганізацыю, кожнага ветэрана. І што вельмі важна, яны адказвалі ёй узаемнасцю, цанілі і паважалі.

— Наша пакаленне прывучана шмат працаваць, іншага нам не дадзена, — сказала ў сваім выступленні Станіслава Уладзіміраўна, агульны працоўны стаж якой складае 58 гадоў.

Яна падзякавала актывістам ветэранскага руху за сумесную плённую работу, пажадала поспехаў сваёй пераемніцы, выказала гатоўнасць падзяліцца вопытам, прыйсці на дапамогу.

Новага старшыню раённага савета ветэранаў Таццяну Шафаловіч вельмі многія ў раёне ведаюць як вопытнага, ініцыятыўнага кіраўніка, нераўнадушнага чалавека. Яе працоўная дзейнасць, як і ў яе папярэдніцы, прысвечана нашаму раёну. Яна выкладала ў гімназіі-каледжы мастацтваў (на той час сярэдняя агульнаадукацыйная школа мастацтваў), каля 15 гадоў узначальвала аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама. Як нікому іншаму, ёй вядома работа грамадскіх арганізацый. Ля вытокаў стварэння некаторых з іх яна стаяла, курыравала іх дзейнасць. Апошнія дзевяць гадоў Таццяна Міхайлаўна працавала начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, яна добра ведае раён, кіраўнікоў і многіх работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, прычым як цяперашніх, так і былых, якія ўжо дасягнулі пенсіённага ўзросту. Усе, хто выступіў за падтрымку кандыдатуры Таццяны Міхайлаўны, выказалі ўпэўненасць, што яна зможа захаваць пераемнасць пакаленняў, прымножыць лепшыя традыцыі раённага савета ветэранаў.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.