Увекавечваем імёны
11 красавіка ў мемарыяльным комплексе адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.
З пранікнёнымі словамі і наказам захоўваць памяць пра тых, хто наблізіў перамогу, звярнулася да сучаснікаў Ала Чурыла, член асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў. Яна нарадзілася ў няволі ў Германіі, куды саслалі бацькоў. І яе дзяцінства прайшло за калючым дротам.
Сярод выступоўцаў быў таксама намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Актанаровіч. Ён падкрэсліў, што ў летапісе кожнага народа ёсць падзеі, пра якія немагчыма і нельга забываць. Генадзій Рамуальдавіч прыгадаў гісторыю канцэнтрацыйнага лагера «Шталаг-342» і стварэння мемарыяльнага комплексу, што быў узведзены па ініцыятыве ганаровага грамадзяніна нашага горада Аляксандра Мазаніка. Намеснік старшыні райвыканкама падзякаваў усім, хто займаецца пошукавай работай і ўвекавечваннем імёнаў загінулых. Асаблівыя словы ён адрасаваў кіраўніку клуба «Пошук» СШ №5 Ганне Карумнай, якая прадоўжыла добрую справу Лідзіі Князевай, ганаровай грамадзянкі раёна.
А ўслед за благачынным цэркваў Маладзечанскай акругі, настаяцелем прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы протаіерэем Віталіем Багданёнкам прысутныя звярнуліся са шчырай малітвай да Бога.
Салют памяці
Напярэдадні памятнай даты сталі вядомыя імёны яшчэ 125 загінулых у «Шталагу-342». І яны ўвекавечаны на пяці мемарыяльных дошках.
Штогод на мітынг, прысвечаны Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, прыязджаюць жыхары розных краін. Пакланіўся памяці свайго дзеда Віктар Неўпакоеў з расійскага горада Іванава. Васілій Неўпакоеў родам з Пензенскай вобласці. У «Шталагу-342» знаходзіўся з кастрычніка 1941 года па сакавік 1942-га. Загінуў, калі яму было 42 гады.
— Хачу пацалаваць беларускую зямлю за памяць. У мяне бяжыць мароз па скуры і стыне кроў у жылах ад таго, што бачу, — не стрымлівае эмоцыі Віктар. — Пошукам дзеда я пачаў займацца самастойна два гады таму. Мне падавалася, што знайсці яго немагчыма. У свой час мая бабуля атрымала «пахавальную». Але пошукавы шлях прывёў мяне ў Маладзечна. Далей дапамагала Лідзія Князева. Вялікае дзякуй ёй за гэта і нізкі паклон. Дарэчы, у майго дзеда было трое сыноў, цяпер ужо ёсць і праўнукі.
А летам сюды прыедуць з Екацерынбурга ўнукі (нават білеты ўжо ўзялі) Паўла Тугавікова, каб пакланіцца яго памяці.
— Летась у сацыяльных сетках мне напісаў незнаёмец з гэтага горада, які назваўся Юрыем Рэбрыкам. Ён папрасіў дапамогі ў пошуках свайго дзеда, які ў ваенныя гады загінуў у «Шталагу-342», — расказвае начальнік аддзела кадраў Маладзечанскага райспажыўтаварыства Надзея Каралевіч.
Маладзечанка адгукнулася на просьбу і, каб дапамагчы яму, звярнулася ў клуб «Пошук» СШ №5. І настолькі расчулілася ўсёй гэтай гісторыяй, што прыйшла на мітынг-рэквіем.
Дзякуючы «пошукаўцам» ужо ўстаноўлены імёны 2150 з 33150 вязняў, якія знайшлі ў «Шталагу-342» свой апошні прытулак. Да мемарыяльнага комплексу прысутныя ўсклалі кветкі. Пасля хвіліны маўчання прагучаў салют памяці.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.
Больш фота http://www.mgazeta.by.