Мы анонсировали праздничную программу.
«Парадам прафесій» распачалося свята, прысвечанае 115-годдзю прафсаюзнага руху Беларусі і Першамаю. Пад музыку духавога аркестра накіравалася шэсце з васямнаццаці калон з вуліцы Віленскай на Цэнтральную плошчу. У Маладзечне з’яднаўся ўвесь сталічны рэгіён.
Плячо ў плячо разам з ветэранамі працы, прафсаюзнымі актывістамі, працоўнымі калектывамі, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый і палітычных партый крочыла кіраўніцтва Мінскай вобласці і Маладзечанскага раёна. На Цэнтральную плошчу быў унесены Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь як галоўны сімвал незалежнасці, які ўвасабляе гісторыка-культурную спадчыну нашага народа і нацыянальны дух. Раз-пораз чуліся першамайскія лозунгі, знаёмыя многім з савецкіх часоў. Прагучалі і спрадвечныя прынцыпы прафсаюзнага руху — салідарнасць, справядлівасць, праца.
З віншавальнай прамовай да прысутных звярнуўся старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў і абласнога каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Віктар Маліноўскі:
— За доўгую гісторыю прафсаюзнага руху былі розныя этапы, але ніколі не мяняліся найважнейшыя задачы — павышэнне ўзроўню жыцця людзей, іх сацыяльная і эканамічная абарона, стварэнне належных умоў працы.
Намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Рагашчук заўважыў, што ў кожнага прадстаўніка той ці іншай прафесіі ёсць сваё свята, але Першамай і 115-годдзе прафсаюзнага руху яднаюць абсалютна ўсіх. Ён зачытаў таксама віншавальны адрас ад старшыні аблвыканкама Анатолія Ісачанкі.
Старшыня абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Казімір Чарапкоўскі дадаў, што гэта свята ўсіх людзей, якія сваёй працай славяць краіну.
Шматлікія пажаданні прагучалі ў адрас ветэранаў прафсаюзнага руху і сённяшніх прадаўжальнікаў яго лепшых традыцый, перадавікоў працы розных часоў. Больш за 40 чалавек, у тым ліку 14 нашых землякоў, атрымалі Падзячныя пісьмы ад абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Ганаровай граматай была ўзнагароджана старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Станіслава Зубкова. Асаблівыя віншаванні прымалі былыя старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Хаванскі і Канстанцін Хвянько. Ім уручылі граматы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і нагрудныя знакі. Вядучымі мітынгу і цырымоніі ўзнагароджання былі маладзечанцы Юлія Крук і Аляксандр Крук.
У рамках мерапрыемства адбылося ўскладанне кветак да стэлы ў парку Перамогі. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны прадстаўнікі абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў, абласнога аб’яднання прафсаюзаў, дэпутацкага корпуса.
Сярод самых відовішчных момантаў стаў старт мотапрабегу. Па памятных месцах малой радзімы накіравалася калона аб’яднання свабодных байкераў «Сан-сіці» Маладзечна.
Прыгожым аздабленнем свята сталі выступленні артыстаў Палаца культуры, музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, дзіцячага цэнтра культуры «Расток», гімназіі-каледжа мастацтваў, СШ №14. А празрыстыя кроплі нашых фантанаў напоўнілі жыватворнай энергіяй маладзечанцаў і гасцей горада, загучалі музыкай вясны ў іх сэрцах.
***
Займальныя гульні, яркія фотазоны, канцэртныя праграмы чакалі маладзечанцаў у парку культуры і адпачынку імя Перамогі. Тут разгарнулася літаратурна-гульнявая праграма «Наш край сустракае Першамай». Арганізатары падрыхтавалі мноства прыемных сюрпрызаў. Па традыцыі ў гэты дзень у парку адкрыўся вясенне-летні сезон.
І дзеці, і дарослыя маглі знайсці сабе занятак па душы, далучыцца да свята. На пляцоўцы перад Летнім амфітэатрам «вырас» творчы падворак. Народныя майстры дэманстравалі вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Самадзейныя артысты радавалі сваёй творчасцю. Працавалі гандлёвыя рады.
Прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў парку спартыўныя пляцоўкі.
«Мы за здаровы лад жыцця»! — сцвярджае маладое пакаленне. Карысць арганізму прыносіць фітнес-трэніроўка па джампінгу – скачках на батуце. Яе праводзілі прадстаўнікі фітнес-студыі «Амазонка». Аматары шахмат, шашак і дартса таксама мелі магчымасць праявіць сябе. Яны не толькі адчувалі радасць перамогі, але і атрымлівалі прызы. Спаборніцтвы арганізаваў фізкультурна-спартыўны клуб «Агеньчык».
Тым часам навучэнцы дзіцячай мастацкай школы мастацтваў запрашалі на пляцоўку «Мы малюем свет». Яркія сюжэты з’яўляліся на асфальце з дапамогай рознакаляровай крэйды і палёту фантазіі.
Бібліятэкары таксама падрыхтаваліся да мерапрыемства: у парку яны прадставілі фотасушку са здымкамі чытачоў, арганізавалі фотазону, а таксама віктарыну, прысвечаную Першамаю. З радасцю ўдзельнічалі дзеці ў тэматычнай гульні
«Поле цудаў» — яны адгадвалі назвы розных прафесій. А колькі было радасці ў дзяўчынак і хлопчыкаў у гульнявой зоне з мноствам мяккіх цацак!
Парадавала і надвор’е — дзень выдаўся сонечным. Праграма была па-сапраўднаму святочнай, насычанай. У парку пачалі працаваць атракцыёны, жадаючыя змаглі пакатацца на катамаранах.
Фото: Алексей Плотко.