Гуманітарныя праекты не маюць мэты камерцыйнага выкарыстання сродкаў і накіраваны на дапамогу розным катэгорыям грамадзян: пажылым людзям, інвалідам, дзецям-сіротам, школьнікам, выхаванцам дзіцячых садоў і іншым.
Фінансы прыцягваюцца ў сферы сацыяльнай абароны, культуры, спорту, аховы здароўя, адукацыі, рэсурсазберажэння, экалогіі. Першыя крокі ўжо зроблены — сфарміраваныя ідэі, сабраны неабходны пакет дакументаў, вызначаны атрымальнікі дапамогі. Ёсць зацікаўленыя водгукі. Трэба адзначыць, што ўсе ініцыятывы абгрунтаваныя і цікавыя для патэнцыяльных спонсараў.
Так, адзін з гуманітарных праектаў называецца «Сонечныя дахі». Яго мэта — скарачэнне спажывання электраэнергіі шляхам устаноўкі і выкарыстання аўтаномнай сонечнай сістэмы на даху гімназіі №10.
Праект «Басейн у дзіцячым садзе — гэта выдатна!» сярод іншага прадугледжвае капітальны рамонт і рэканструкцыю плавальнага басейна і сумежных памяшканняў у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі ў яслях-садзе №17 «Сонейка».
Мэта праекта «Паспяховыя бацькі: доўг і закон» — павышэнне ўзроўню прававой дасведчанасці і папулярызацыя грамадзянскай адукацыі ў бацькоў (законных прадстаўнікоў) дзяцей з мнагадзетных сем’яў. Сфарміравала прапанову ўпраўленне па адукацыі райвыканкама.
Павялічыць даступнасць афтальмалагічнай хірургічнай дапамогі насельніцтву, палепшыць якасць жыцця пажылых людзей і людзей сярэдняга ўзросту, захаваць працаздольнасць апошніх дазволіць рэалізацыя праекта «Ясны зрок». Дапаможа ў яго рэалізацыі набыццё сучаснага складанага афтальмалагічнага абсталявання. У выніку лячэнне катаракты стане яшчэ больш эфектыўным.
Захаванню і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Маладзечанскага раёна на аснове вопыту работы па аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны Лебедзева і ваколіц будзе садзейнічаць праект «Ад вытокаў да нашых дзён». Рэалізаваць яго прадугледжваецца на базе Лебедзеўскай сярэдняй школы.
Як сведчыць айчынны і замежны вопыт, рэалізацыя гуманітарных ініцыятыў дазваляе знізіць нагрузку на мясцовыя бюджэты і палепшыць спектр паслуг у сацыяльнай сферы.
Увага! Патэнцыяльныя спонсары і партнёры могуць азнаёміцца з прапанаванымі праектамі на афіцыйным сайце Маладзечанскага райвыканкама.