Новости Молодечно и Молодечненского района

В Молодечненском районе проложат линии электропередач для АЭС в Островце

  • 2017-11-17 09:14:20
  • Алег Бяганскі

Як вядзецца расчыстка лесу пад ЛЭП і якія кампенсацыйныя пасадкі пры гэтым праводзяцца, расказаў намеснік дырэктара Маладзечанскага лясгаса Віталій ДЗЕМЕШ.

— Адна з новых ЛЭП будзе пабудавана ля вёсак Рэдзькі, Клочкава, Трапалава і Укропава, — адзначыў Віталій Іванавіч. – У асноўным яна пройдзе па полі. На лясны ўчастак прыпадае больш за чатыры кіламетры. Плошча прасекі складзе 21,5 гектара. Лес, які высякаецца, другасны. У 90-я гады мінулага стагоддзя ён пацярпеў ад караеда-тыпографа. Тады пашкоджаныя ўчасткі высеклі. На іх месцы з’явіліся маладыя пасадкі. Аднак сустракаюцца тут і векавыя дрэвы.

Субяседнік паведаміў, што пры пракладцы прасекі плануецца нарыхтаваць каля 1900 кубаметраў драўніны. Усю яе перапрацуюць. Яшчэ 600 «кубоў» – гэта «неліквід» (хмызнякі, галінкі, карані). Яны застаюцца на месцы і служаць натуральным угнаеннем для дрэў.

Каб расчышчаны ўчастак зноў не засялілі бярозы, елкі і сосны, ён засаджваецца шыпшынай, пузыраплоднікам і іншымі нізкарослымі культурамі. Расада вырашчана ў лесагадавальніку на тэрыторыі Гарадоцкага лясніцтва.

— Пракладка прасек узгоднена з адпаведнымі міністэрствамі і ведамствамі. Заданне выконваюць спецыялісты ўсіх лясніцтваў Маладзечанскага лясгаса. Задзейнічана спецыяльная высокапрадукцыйная тэхніка. Работа будзе завершана ў бліжэйшы час, — падкрэсліў Віталій Дземеш.
Даведка. Беларуская АЭС будуецца па тыповым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення «3+» паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць).

Першы энергаблок увядуць у эксплуатацыю ў снежні 2019 года. Другі плануецца запусціць у 2020-м. Цяпер на першым энергаблоку зманціраваны корпус рэактара і ўсе чатыры парагенератары. Завяршылася зварка галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода — гэта ключавая падзея для падрыхтоўкі да запуску першага блока.

Намеснік дырэктара лясгаса нагадаў, што лесаводы ўзнавілі сёлета лесапалосы ўздоўж дарогі ад Маладзечна да Радашковіч. Некаторыя ўчасткі былі высаджаны наноў. Сваё месца ўздоўж трасы занялі бярозы, елкі, клёны. Гэтыя пароды ўстойлівыя, непатрабавальныя і хутка растуць. Пасадачны матэрыял — мясцовы, адаптаваны да нашых кліматычных умоў.

Масавае ўзнаўленне лесапалос уздоўж трас рэспубліканскага значэння пачалося пасля ўводу ў эксплуатацыю МКАД-2. Іх асноўная задача – папярэджанне снежных заносаў на аўтатрасах і затрыманне снегу на палях. Немалаважнае значэнне мае і экалагічны аспект. Справа ў тым, што ахоўныя лесапалосы — любімае месца гнездавання шматлікіх птушак і прытулак для невялікіх звяроў, — зазначыў Віталій Іванавіч.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.