Віншавалі перадавіка з адметным вынікам старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Саланенка. Герой жніва атрымаў падзячнае пісьмо і грашовую прэмію, яго аўтамабіль ўпрыгожыла другая сімвалічная зорка.
-- Настрой выдатны, працую з задавальненнем. Асабліва многа ўраджаю перавожу ў другую палову жніва, калі гаспадарка прыступіла да ўборкі пшаніцы, -- расказаў Сяргей Рынкевіч. -- Ураджай добры, таму і рэйсаў больш выходзіць. Малайчыны таксама камбайнеры, работнікі зернесушыльнага комплексу, іншыя спецыялісты. Дзякуючы ім, а таксама добрай арганізацыі кампаніі я і дасягнуў такіх вынікаў.
Вадзіцель атрымаў свой «КамАЗ» тры гады таму. Машына новая, магутная, салон камфортны -- абслугоўваць такую тэхніку прыемна. Вадзіцельскі стаж Сяргея складае амаль 27 гадоў.
Андрэй Паўкшта пажадаў Сяргею Рынкевічу далейшых поспехаў. Ён адзначыў, што немалаважную ролю ў арганізацыі і правядзенні ўборачнай кампаніі адыгрывае дэпутацкі корпус. Дэпутатамі з’яўляюцца многія кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак. Яны ўносяць значны ўклад у раённы каравай.
Па стане на 5 жніўня на Маладзечаншчыне абмалочана 12729 гектараў збожжавых і зернебабовых (69,5 працэнта ад усіх плошчаў). У лік дзяржзаказу рэалізавана 7436,5 тон зерня (97 працэнтаў ад плану).
Фота: Аляксей ПЛАТКО.