Новости Молодечно и Молодечненского района

«Відзеўшчына»: станоўчыя перамены, вера ў перспектывы

  • 2021-04-14 06:37:59
  • Алег Бяганскі

Мы наведалі гаспадарку, калі пасяўная толькі набірала абароты. Уладзіміра Міхайлавіча засталі ў кабінеце. Толькі што скончылася вытворчая нарада, і кіраўнік збіраўся асабіста пракантраляваць ход работ. У рэйд ён запрасіў і нас.

— Сёлета палявыя работы пачаліся пазней, чым летась, — адзначыў Уладзімір Жукаў. – Паўплывала больш позняя вясна. Аднак тэмпы высокія. Акрамя сяўбы ранніх яравых праводзіцца ўзворванне глебы, унясенне мінеральных угнаенняў, вываз арганікі на палі. Усяго задзейнічана 18 адзінак тэхнікі (энерганасычаныя трактары, пагрузчыкі, аўтамабілі). Прэтэнзій да якасці агратэхнічных мерапрыемстваў няма.

Субяседнік адзначыў, што яравы клін складае каля дзвюх тысяч гектараў. Нагрузка на спецыялістаў значная. Пры гэтым трэба ўлічваць розныя фактары. Так, большасць палёў у ваколіцах Відзеўшчыны дробнаконтурныя. На іх тэхніка асабліва не «разгоніцца». Ёсць пераўвільготненыя ўчасткі. Акрамя таго, бал ворыва (паказчык урадлівасці глебы) у гаспадарцы самы нізкі ў раёне.

— Нягледзячы на ўсе цяжкасці, мы верым у добрыя вынікі, — гаворыць кіраўнік. – А падставы для аптымізму ёсць. Так, калі ў 2019 годзе сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур складала 17 цэнтнераў з гектара, то летась – 25. Сёлета маем намер перавысіць адзнаку ў 30 цэнтнераў і стварыць задзел для далейшага росту ўраджайнасці. Усё неабходнае для гэтага робіцца. Але галоўнае – ёсць падрыхтаваныя кадры.

Уладзімір Жукаў падкрэсліў, што ў сваёй рабоце асноўную стаўку робіць менавіта на калектыў. «Відзеўчшына» славіцца сваімі спецыялістамі. Многія аддалі сельскай гаспадарцы ўсё жыццё, назапасілі значныя веды і вопыт. Не адстае ад ветэранаў працы і моладзь.

У апошні час у гаспадарку вяртаюцца спецыялісты, якія раней звольніліся. Людзі ўбачылі станоўчыя перамены, паверылі ў перспектывы. Набіраюць тут і новыя кадры.

— Як кіраўнік, я заўсёды імкнуся матываваць людзей працаваць добрасумленна і з поўнай аддачай, — падкрэсліў Уладзімір Міхайлавіч. — Гэта тычыцца і ўмоў працы, і заработнай платы. Так, сярэдні заробак у гаспадарцы за студзень-люты сёлета павялічыўся на 132 працэнты ў параўнанні з першымі двума месяцамі мінулага года. Усім удзельнікам палявых работ гаспадарка кампенсуе 85 працэнтаў кошту гарачага харчавання. Рэалізуюцца іншыя меры падтрымкі работнікаў.
Сярод лепшых удзельнікаў пасяўной кіраўнік адзначыў механізатараў Уладзіміра Шутро, Івана Руткевіча, Мікалая Амяльяшчыка, Івана Панасюка, Вадзіма Кучко, Юрыя Пашкевіча, Міхаіла Саўко, Васілія Малюша. Яны і іншыя спецыялісты ўносяць вырашальны ўклад у хлебны каравай.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.