Першымі важны экзамен трымалі ў сельскагаспадарчым філіяле Аграфірма «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга». У гаспадарцы адказна падрыхтаваліся да мерапрыемства. На мехдвары ўся тэхніка была выстаўлена на лінейку гатоўнасці. Механізатары яшчэ раз пераправяралі наяўнасць патрэбных дакументаў. Галоўны інжынер філіяла Канстанцін Жданаў даваў неабходныя распараджэнні.
Тэхагляд праводзілі начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду, галоўны дзяржаўны інспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Мікалай Ільіч і старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ Маладзечанскага РАУС Павел Аноп.
Спачатку адбыўся інструктаж, у час якога спецыялісты нагадалі правілы руху сельскагаспадарчай тэхнікі па дарогах. У час тэхагляду механізатары прад’яўлялі адпаведныя дакументы, потым садзіліся за руль. Асаблівая ўвага звярталася на работу светлавога абсталявання, рулявога кіравання і тармазоў. Гэта найважнейшыя складальнікі бяспекі. — Як паказвае практыка, працэнт праходжання тэхагляду з першага разу на Маладзечаншчыне высокі, — адзначыў Мікалай Ільіч. — Праблемы, на якія мы звяртаем увагу, аператыўна ліквідуюцца. У гаспадарках разумеюць: тэхніка заўсёды павінна быць у рабочым стане.