Новости Молодечно и Молодечненского района

Устаноўка апавяшчальнікаў чаднага газу можа стаць абавязковай

  • 2016-12-06 12:25:56
  • Алег Бяганскі

Папярэдзіць гібель людзей ад чаднага газу зможа абавязковая ўстаноўка спецыяльных апавяшчальнікаў у дамах і кватэрах. Наколькі эфектыўная такая мера, мы папрасілі расказаць спецыялістаў вытворчага ўпраўлення «Маладзечнагаз».

— Чадны газ — вельмі каварнае злучэнне, — гаворыць начальнік аварыйна-дыспетчарскай службы Ігар Лямін. — Ён не мае колеру і паху. І калі ў паветры памяшкання акажацца ўсяго адзін працэнт СО, чалавек загіне на працягу пяці мінут.

Аварыйная брыгада, якая прыбывае на выклік, адразу правярае ўцечку «блакітнага паліва» і наяўнасць цягі ў памяшканнях. Справа ў тым, што ў прыродны і звадкаваны газ дадаецца спецыяльны пахучы рэагент. Таму ўцечку можа вызначыць любы чалавек. Што тычыцца СО, яго канцэнтрацыя вызначаецца толькі з дапамогай прыбораў. Такое мабільнае абсталяванне ёсць у спецыялістаў. Акрамя чаднага газу, яно вымярае ўтрыманне ў паветры кіслароду і метану. З дапамогай мабільнага індыкатара таксама правяраецца цяга.

Ігар Фёдаравіч адзначыў, што ў побыце такія прыборы не патрэбныя. А вось стацыянарныя аўтаномныя апавяшчальнікі чаднага газу сапраўды могуць папярэдзіць бяду. Асабліва ў прыватным сектары або там, дзе ўстаноўлены газавыя катлы і праточныя воданагравальнікі.

— У жылым сектары Маладзечаншчыны выкарыстоўваецца звыш 12 тысяч газавых катлоў і каля 1100 воданагравальнікаў, — падкрэсліла начальнік службы ўнутрыдамавога газавага абслугоўвання Крысціна Пашкевіч. — Расход «блакітнага паліва» ў іх даволі вялікі. Таму пры няправільнай эксплуатацыі прыбораў або нейкай няспраўнасці канцэнтрацыя чаднага газу ў памяшканні можа перавысіць норму. Аўтаномны апавя-
шчальнік якраз і папярэдзiць аб небяспецы.

Па словах К. Пашкевіч, аўтаномны пажарны апавяшчальнік (АПА) не можа замяніць апавяшчальнік на СО. Яны працуюць па розных прынцыпах.

Устаноўка апавяшчальнікаў чаднага газу ў жылых памяшканнях можа стаць абавязковай у наступным годзе. Адпаведны праект пастановы Савета Міністраў распрацаваны ў Міністэрстве энергетыкі. Сачыць за выкананнем нарматыву будзе спецыяльна створаная структура – газавая інспекцыя.

Згодна з праектам купляць новыя прыборы давядзецца не ўсім. Напрыклад, тым, у каго ў кватэры з газавага абсталявання толькі пліта, гэтага рабіць не трэба.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.