Сёлета юбілей горада адзначаецца ў Год малой радзімы. Для кожнага з нас любоў да радзімы пачынаецца з любові да таго месца, дзе нарадзіўся і вырас, жывеш і працуеш, выхоўваеш дзяцей. Старонкі біяграфіі маладзечанскага краю нагадалі кадры відэафільма, падрыхтаванага з нагоды адметнай даты.
Прысутных павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Яхнавец. Ён адзначыў: у юбілей горада нам ёсць чым ганарыцца. Маладзечанскі раён уваходзіць у пяцёрку валаўтваральных раёнаў вобласці. Прадукцыя прадпрыемстваў адрозніваецца высокай якасцю, пастаўляецца ў сорак краін свету, і геаграфія пашыраецца. На карце горада з’яўляюцца новабудоўлі, вуліцы, мікрараёны. Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю шэсць шматкватэрных жылых дамоў і 27 тысяч квадратных метраў індывідуальных дамоў з аб’ектамі інфраструктуры да іх. Заўсёды ў цэнтры ўвагі сацыяльная сфера, якаснае аказанне медыцынскай дапамогі. Высокага звання «Чалавек года Міншчыны» сёлета ўдастоены загадчык кардыялагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Міхаіл Шаўлюк.
Старшыня райвыканкама адрасаваў словы ўдзячнасці людзям розных пакаленняў, лёсы якіх звязаны з Маладзечаншчынай. Хто абараняў родную зямлю ад ворага ў гады ваеннага ліхалецця, у мірны час стваральнай працай, паспяховай вучобай, творчымі і спартыўнымі дасягненнямі славіць свой край.
Ва ўрачыстай абстаноўцы нашы землякі атрымалі высокую ацэнку сваёй працы. Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь узнагароджаны кіраўнік сялянскай гаспадаркі Ігар Пакуш. Ён займаецца любімай справай: раслінаводствам. Прыярытэт аддае вырошчванню агародніны і бульбы. Сёлета яго гаспадарцы спаўняецца 25 гадоў.
— Спачатку было 15 гектараў, цяпер 1500, — адзначае фермер. — Работа на зямлі ніколі не была лёгкай, але важна адчуваць сябе прафесіяналам і ведаць, што твая справа патрэбная людзям.
Ганаровая грамата Мінскага аблвыканкама ўручана інжынеру друкарні «Перамога» Дзянісу Емяльянчыку. Гэта не першая ўзнагарода ў скарбонцы яго прафесійных дасягненняў, але самая важкая. За ёй плённая праца ўсяго калектыву. Ганаровыя граматы абласнога Савета дэпутатаў уручаны настаўніцы фізікі СШ №14 Алене Спецыян, загадчыцы Сасноваборскага ФАПа Ларысе Зянько. Падзяку старшыні аблвыканкама атрымалі загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №19 Марына Шчыгло, старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Яўгенія Русецкая, кіраўнік спраў Цюрлёўскага сельвыканкама Ірына Камароўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Маладзечанскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Святлана Рушлевіч. Ганаровымі граматамі і падзякамі Маладзечанскага райвыканкама ўзнагароджаны лепшыя прадстаўнікі розных галін народнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы.
Святкаванне 630-годдзя Маладзечна -- фота тут.
Апладысментамі віталі прысутныя прадстаўнікоў дэлегацый гарадоў і раёнаў-пабрацімаў: Эслінгена-на-Некары (Германія), Сакульскага павета (Польшча), Каломенскай гарадской акругі (Расія).
Наш залаты фонд
Маладзечна — сучасны горад, які беражліва захоўвае сваю гістарычную самабытнасць, яго традыцыі знітаваны з сучаснымі дасягненнямі. Галоўнае багацце горада — людзі, што аддавалі і аддаюць свае сілы, талент і веды для яго развіцця. Ад імя ганаровых грамадзян раёна творчае віншаванне маладзечанцам адрасаваў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі кампазітар Алег Елісеенкаў, ганаровы грамадзянін раёна. Падарункі ў знак павагі за плённую працу застануцца на памяць у былых кіраўнікоў нашага горада і раёна. Кожны з іх разам з працоўнымі калектывамі прыклаў максімум намаганняў для развіцця Маладзечаншчыны. Горад і раён займалі і займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці. Зроблена нямала, каб Маладзечна было сучасным, утульным, камфортным. Пра гэта гаварыў Сямён Касабуцкі, які быў старшынёй райвыканкама з 2002-га па 2009 год.
Працягваецца добрая традыцыя віншаваць сем’і, у якіх нарадзіліся дзеці ў знамянальны для горада дзень. Год таму ў сям’і Вольгі і Аляксандра Баброўка з’явілася на свет дачушка Малання. Сёлета да свайго першага дня нараджэння дзяўчынка атрымала трохколавы веласіпед. Падарунак на сцэне Палаца ўручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта.
У нашым горадзе жыве, вучыцца і працуе таленавітая і перспектыўная моладзь. Яго назва найперш асацыіруецца са словам «маладосць». Юнакі і дзяўчаты вучацца адказнасці за лёс сваёй малой радзімы.
Самыя светлыя, шчырыя, узнёслыя пачуцці можна выказаць праз мастацтва. Самадзейныя артысты ўстаноў культуры і адукацыі, юныя спартсмены стварылі відовішчнае шоу. Алег Елісеенкаў не пакінуў гледачоў без музычнага падарунка, ён прадставіў землякам прэм’еры сваіх песень «Добрыя людзі» і «Запрашаем у Маладзечна!». Вялікая канцэртная праграма завяршыла ўрачыстасць, прысвечаную 630-годдзю нашага горада.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.