Новости Молодечно и Молодечненского района

У раёне ёсць экіпажы-«двухтысячнікі»

  • 2020-08-17 06:43:47
  • Алег Бяганскі


Першымі сярод «двухтысячнікаў» былі Аляксандр Стэфановіч і Яўгеній Гнілазуб. Потым да іх далучыліся экіпажы ў складзе Юрыя Арловіча і Антона Канановіча, Сяргея Богана і Андрэя Юрэвіча, Уладзіміра і Аляксея Свянціцкіх, Анатолія і Віктара Панчанкаў.

Разам з перадавікамі радаваўся поспеху дырэктар гаспадаркі Дзмітрый Грамовіч. Ён адзначыў, што такія дасягненні сталі вынікам папярэдняй працы. Валавы намалот збожжа ў «Гарадзілаве» сёлета намнога перавысіць леташнія паказчыкі.

— На гарадзілаўскіх «двухтысячнікаў» раўняюцца іншыя камбайнеры Маладзечаншчыны. Адметна, што на палях таварыства добра ўрадзілі не толькі збожжавыя і зернебабовыя, але і іншыя віды сельскагаспадарчых культур, — паведаміла галоўны аграном упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандра Харук.

Як падкрэсліў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Саланенка, пераадоленне дзвюхтысячнай мяжы ў намалоце адразу пяццю  камбайнавымі экіпажамі — значнае дасягненне не толькі для гаспадаркі, але і для раёна
ў цэлым. Падобным поспехам ганарацца ўсе аграрыі рэгіёна.

Экіпажам-«двухтысячнікам» былі ўручаны ганаровыя дыпломы і падарункі ад раённага прафсаюза аграрыяў. Юрый Арловіч і Антон Канановіч атрымалі і каштоўныя падарункі ад райкама БРСМ, якія ім уручыла другі сакратар райкама Алена Станкевіч.

— Разам камбайнавыя экіпажы ў гаспадарцы абмалочваюць у дзень каля 100 гектараў палёў, — гаворыць інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка Сяргей Боган. — Усяго на жніве задзейнічана
6 камбайнаў. На ліку кожнага – да 130 тон намалочанага збожжа ў змену. Рэльеф палёў, у асноўным, складаны, узгорысты. Аднак дзякуючы стараннай апрацоўцы глебы цяжкасцей ва ўборцы не ўзнікае.
Субяседнік дадаў, што ў наступным годзе плануецца набыццё двух сучасных камбайнаў павышанай прадукцыйнасці. Яны могуць замяніць чатыры адзінкі старой тэхнікі.

Віншаванне перадавікоў ААТ «Гарадзілава» праходзіла ў рабочай абстаноўцы.


Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.