Новости Молодечно и Молодечненского района

У Палачанах падвялі вынікі конкурсу сярод жывёлаводаў

  • 2020-02-25 11:45:51
  • Алег Бяганскі

Адзначыць перадавікоў прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Саланенка, кіраўнік таварыства Алена Халматава, старшыня прафкама гаспадаркі Наталля Бажко. У пакоі адпачынку сабраліся пераможцы спаборніцтва сярод жывёлаводаў, што праводзіцца ў «Палачанах», а таксама прызнаныя лепшымі ў рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод». Віноўнікамі ўрачыстасці былі прадстаўнікі некалькіх ферм. Жывёлаводы пачулі шмат цёплых слоў у свой адрас, за добрасумленную працу атрымалі падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі.

У час ушанавання адзначалася важнасць работы на малочнатаварных фермах і комплексе. Ад гэтых аб’ектаў шмат у чым залежыць фінансавы стан гаспадаркі. Акрамя таго, жывёлагадоўля забяспечвае работай многіх жыхароў у сель-
скай мясцовасці. А эфектыўнасць вытворчасці непасрэдна ўплывае на зарплату і дабрабыт работнікаў.

— МТК «Груздава» шматпрофільны, — зазначыла выконваючая абавязкі начальніка комплексу Ларыса Зянькевіч. – Тут утрымліваецца дойны статак, буйная рагатая жывёла на адкорме і вырошчванні. Вопытныя работнікі комплексу добрасумленна выконваюць свае абавязкі. Бытавыя ўмовы ў жывёлаводаў годныя. Дзякуючы высокай культуры вытворчасці малако пастаўляецца на перапрацоўку ў асноўным сортам «экстра».

Пра арганізацыю працы жывёлаводаў расказала Наталля Бажко. Яна падкрэсліла, што важным для работнікаў з’яўляецца матывацыя. Таму ў гаспадарцы праводзіцца конкурс сярод спецыялістаў ферм. Умовы конкурсу і паказчыкі распрацоўваюцца па кожнай спецыяльнасці – для аператараў машыннага даення, жывёлаводаў па адкорме маладняку, па дарошчванні буйной рагатай жывёлы і гэтак далей. Спаборніцтва ахоплівае ўсе фермы.

— Конкурс праводзіцца з 2016 года, — паведаміла Наталля Фёдараўна. – Дзякуючы яму ў людзей з’яўляецца дадатковы матыў паляпшаць свае паказчыкі. Вынікі рэгулярна даводзяцца да работнікаў. Адзначаюцца лепшыя спецыялісты на кожнай ферме і па гаспадарцы ў цэлым. Перадавікі атрымліваюць грашовыя прэміі. Прэміруецца таксама лепшая ферма.

Уладзімір Саланенка лічыць вопыт правядзення такіх спаборніцтваў вартым для пераймання іншымі гаспадаркамі Маладзечаншчыны. Гэта яшчэ больш падкрэсліць важнасць прафесіі жывёлавода. Важна і тое, што чалавечы фактар заўсёды быў вызначальным у любой сферы дзейнасці. Калі спецыяліст бачыць, што яго інтарэсы ўлічваюцца, ён працуе з поўнай аддачай.

Алег БЯГАНСКІ.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.