Новости Молодечно и Молодечненского района

У Маладзечне прадпрымальнікі абмеркавалі развіццё ІТ-сектара

  • 2020-03-11 08:26:13
  • Алег Бяганскі

Удзельнікамі мерапрыемства сталі вядучыя спецыялісты ІТ-сферы і прадстаўнікі бізнес-супольнасці з розных рэгіёнаў нашай краіны. Мерапрыемства вельмі зацікавіла моладзь, пачынаючых прадпрымальнікаў, тых, хто толькі задумваецца аб адкрыцці сваёй справы.

На форуме адзначалася, што ІТ-сфера адкрывае шырокія магчымасці для ўсіх катэгорый грамадзян. Так, нават не маючы высокай кваліфікацыі, можна працаваць ахоўнікам ці дзяжурным на аддаленні (напрыклад, адсочваць з дапамогай інтэрнэту паказанні камер відэаназірання ў магазіне або на прадпрыемстве). Пры гэтым аб’ект назірання і работнік могуць знаходзіцца ў розных краінах. Больш «прасунутыя» спецыялісты могуць рэалізаваць свае здольнасці ў вэб-дызайне, візуалізацыі, праграміраванні, распрацоўцы дадаткаў для розных гаджэтаў.

Попыт на такія паслугі ў свеце павялічваецца. Пры гэтым заработная плата ў вышэйзгаданай сферы вышэйшая, чым сярэдняя ў эканоміцы. А працаваць можна аддалена (айчыннае заканадаўства адкрывае для гэтага вялікія магчымасці).

3D-дызайнер Санэр Карагёз падзяліўся сваім вопытам работы. Ён адзначыў, што дзякуючы лічбавым тэхналогіям можна самастойна авалодаць новай высокадаходнай прафесіяй. Аднак вучыцца лепш пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў.

— Ужо цяпер лічбавая эканоміка дае 6 працэнтаў ад валавога ўнутранага прадукту Беларусі, — адзначыў старшыня прэзідыума вышэйшага каардынацыйнага савета рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін. – Гэта сфера развіваецца апераджальнымі тэмпамі. Па прагнозах да 2035 года ў інавацыйных галінах эканомікі павінна быць занята не менш за 2 мільёны жыхароў краіны.
Для людзей інфармацыйныя тэхналогіі даюць магчымасць значна палепшыць сваё матэрыяльнае становішча.

Што дасць развіццё лічбавых тэхналогій жыхарам раёна?

Гэта пытанне мы задалі некаторым арганізатарам і ўдзельнікам форуму «ІТ-краіна. ІТ-Маладзечна».

Леанід СІВУХА, рэгіянальны куратар праекта «ІТ-краіна»:

— Дзякуючы лічбавым тэхналогіям на Маладзечаншчыне будуць створаны новыя высокааплатныя рабочыя месцы, скароціцца міграцыя рабочай сілы. Ад укаранення інавацыйных тэхналогій выйграюць і работнікі традыцыйных галін эканомікі, павысіцца агульны ўзровень жыцця.

Анастасія ШУНЬКО, прадпрымальніца, адна з арганізатараў форуму:

— Дзякуючы ІТ-тэхналогіям новыя перспектывы адкрываюцца для пенсіянераў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэтыя катэгорыі насельніцтва становяцца больш канкурэнтаздольнымі на рынку працы. А працаваць яны могуць на аддаленні. Дарэчы, у рамках праекта ў Маладзечне пачалося бясплатнае навучанне рабоце на камп’ютары пенсіянераў і людзей з інваліднасцю.

Ігар РЖАЧЫЦКІ, прадпрымальнік, уладальнік інтэрнэт-магазіна:

— У сучасным свеце веды вырашаюць усё. А павысіць сваю кваліфікацыю або нават асвоіць новую прафесію якраз можна з дапамогай лічбавых тэхналогій (па інтэрнэце). Багаж ведаў дазволіць павялічыць працоўную мабільнасць, створыць дадатковыя магчымасці для вядзення бізнесу.

Ірына КОРНЕВА, адна з арганізатараў форуму:

— Для моладзі ІТ-сфера найбольш перспектыўная. Яна дазваляе яшчэ ў час вучобы ў школе атрымаць вопыт вядзення бізнесу, зарабіць першыя грошы, паспрабаваць сябе ў вэб-дызайне, распрацоўцы сайтаў. Усё гэта юнакам і дзяўчатам спатрэбіцца ў будучыні.