Новости Молодечно и Молодечненского района

У Маладзечанскім раёне працягваецца акцыя «Наш жывёлавод»

  • 2020-02-07 07:24:51
  • Алег Бяганскі

Прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод» ахапіла ўжо такія гаспадаркі як «Заскавічы», «Палачаны», «Усход-Агра», «Гарадзілава», «Хажоваагра-2009», «Хоўхлава», «Дубрава-2013». Усяго было адзначана больш за 50 чалавек — жывёлаводаў, аператараў машыннага даення, іншых работнікаў.

Сярод тых, хто атрымаў падзяку за добрасумленную працу, аператары машыннага даення малочнатаварнай фермы «Віткоўшчына» ААТ «Хоўхлава» Наталля Ганчарова і Алена Паўлоўская. Гэта вопытныя работніцы, якія ведаюць і любяць сваю справу. Яны не баяцца цяжкасцей і паказваюць прыклад калегам.

Шмат цёплых слоў у адрас перадавікоў сказалі старшыня райкама прафсаюза работ-
нікаў АПК Уладзімір Саланенка і старшыня прафсаюзнай арганізацыі таварыства Алена Нявера.

Цырымонія ўзнагароджання праходзіла, можна сказаць, у сямейнай абстаноўцы. А як інакш? Побач былі іншыя работнікі фермы, кіраўнікі гаспадаркі, усе, ад каго залежаць надоі, прывагі, здароўе жывёлы, якасць кармоў і многае іншае. Усё гэта ў выніку адбіваецца на заработнай плаце і сацыяльных гарантыях жывёлаводаў.

Вяскоўцы мелі магчымасць расказаць пра ўмовы працы, падзяліцца думкамі, задаць пытанні. Адно з іх — кадравае. На фермах патрэбна больш маладых спецыялістаў. Вёска, на жаль, старэе. Таму моладзі трэба паказваць перавагі сельскай гаспадаркі.
— Павышэнне прэстыжу прафесіі якраз і з’яўляецца адной з мэт акцыі, — падкрэсліў Уладзімір Саланенка. – Наша задача — дайсці да кожнай фермы, незалежна ад паказчыкаў, правесці сустрэчы з калектывамі, праверыць умовы працы жывёлаводаў, заахвоціць лепшых. Людзі павінны ведаць, што іх штодзённая нялёгкая праца не застанецца незаўважанай.

Субяседнік нагадаў, што па ініцыятыве прафсаюзаў было скарэкціравана пенсіённае заканадаўства для аператараў машыннага даення, трактарыстаў-машыністаў і іншых катэгорый работнікаў, якія працуюць у асаблівых умовах. Цяпер ім дадзены дадатковыя гарантыі і магчымасці выбару льготнай пенсіі.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.