Новости Молодечно и Молодечненского района

У Маладзечанскім раёне нарыхтоўваюць кармы

  • 2018-08-30 08:21:36
  • Алег Бяганскі


— Сёлета ўпершыню засеялі на палях сорга-суданковы гібрыд, — гаворыць галоўны аграном таварыства Леанід Давідзёнак. – Адвялі пад культуру 70 гектараў. «Навасёл» аказаўся засухаўстойлівы і непатрабавальны да глебы. Вырас да трох метраў і вышэй. Нягледзячы на познюю сяўбу (яна прайшла ў канцы мая), хутка чакаецца другі ўкос.

Увогуле, на сорга-суданковыя гібрыды варта звярнуць больш пільную ўвагу. Зялёная маса з іх выкарыстоўваецца на зялёны корм, сена, сянаж, сілас. Культура багатая на бялок, утрымлівае шмат цукру і тлушчу. Яе ахвотна есць жывёла. Да таго ж насенне каштуе значна танней, чым, напрыклад, кукурузы. Дарэчы, закупілі яго ў Расіі.

Паспяхова культывуюць у Хоўхлаве і традыцыйныя кармавыя культуры — цімафееўку, канюшыну, люцэрну. Каля 400 гектараў займаюць шматгадовыя травы, прыкладна 600 адве-
дзена пад пашы і сенажаці. Значную прыбаўку ў кармах дасць кукуруза.

Леанід Давідзёнак падкрэсліў, што цёплае дажджлівае надвор’е спрыяла актыўнаму росту траў і фарміраванню нядрэннага травастою другога ўкосу. Важнае значэнне і арганізацыі працы. Пакос,
варушэнне і вываз зялёнай масы праходзяць у аптымальныя тэрміны. Асаблівая ўвага надаецца якасці ўборкі кармоў. Канвеер па корманарыхтоўцы ў гаспадарцы працуе без збояў.

Каб пераканацца ў гэтым, накіроўваемся на адно з палёў таварыства. Бачым роўныя рады свежаскошанай травы. Яе на спецыяльным агрэгаце падбірае ў валкі Андрэй Брысь. Працуе механізатар хутка і якасна – дапамагае вялікі вопыт.

— Сёння даволі ветрана, таму працую акуратна. Нельга, каб трава перасушвалася або разляталася. Еду па полі з хуткасцю 11 кіламетраў за гадзіну. За дзень апрацоўваю каля
25 гектараў, — заўважыў Андрэй.

Побач у звязцы дзейнічаюць кормаўборачны комплекс і трактар, які адвозіць здробненую масу да сянажнай ямы. Тэхніка рухаецца з аднолькавай хуткасцю. Дакладна вытрымліваецца дыстанцыя. Прычэп трактара запаўняецца літаральна за некалькі хвілін. Імгненне — і на змену загружанаму «калегу» пад «стралу» КВК пад’язджае пусты «Беларус». За адзін рэйс з поля вывозіцца 6-10 тон падрыхтаванай травы.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.