...У студзені трывогу забілі бацькі выхаванцаў маладзечанскага дзіцячага сада №28: у памяшканнях на другім паверсе, дзе трохгадовыя дзеці гулялі, елі і спалі, тэмпература паветра панізілася да +13 градусаў. У адным з памяшканняў нават быў сфатаграфаваны тэрмометр з такой адзнакай на шкале. Сітуацыю тлумачылі прадстаўнікі аддзела адукацыі і абяцалі прыняць меры.
Што змянілася за гэты час, ці не мерзнуць дзеці? Непасрэдна на месцы мы пацікавіліся пра гэта ў загадчыцы дзіцячага сада Наталлі Бяловай.
На час правядзеня работ адукацыйна-выхаваўчы працэс не спыняўся. Дзеці з праблемных груп былі пераведзены ў іншыя. У свае пакоі яны вярнуліся 2 лютага. У выніку ў адным групавым блоку заменены ўсе дзевяць вокнаў. У другім – тры (два – у спальні, і адно – у раздзявалцы), яшчэ пяць былі заменены мінулым летам, акно «савецкага» ўзору засталося толькі ў прыбіральні. У трэцім блоку вокны заменены яшчэ летам 2015 года, хаця гэта не дало жаданага эфекту.
Грошы, як і летась, былі выдаткаваны з раённага бюджэту. Летам работы па замене вокнаў праводзіла мясцовая прыватная арганізацыя «Май», цяпер — «Віплайт», таксама мясцовая прыватная арганізацыя. Гэтыя фірмы выйгралі тэндар.
— Уцяпленне фасада запланавана на першы квартал 2017-га. Пакуль праводзіць работы немагчыма з-за няўстойлівага надвор’я. Сцены будынка павінны быць сухімі, інакш унутры памяшканняў пойдзе сырасць, — заўважае Наталля Бялова. – У бліжэйшы час чакаем спецыялістаў з цеплавізарамі, якія вывучаць тэмпературныя асаблівасці. А па заканчэнні ацяпляльнага сезона ў садзе плануецца цалкам або часткова замяніць батарэі.
Цяпер ва ўсіх групах тэмпература адпавядае неабходным нормам незалежна ад надвор’я. Наведвальнасць выхаванцаў практычна на ранейшым узроўні – 146 дзяцей па факце супраць 260 па спісе (для параўнання: па даных на 14 студзеня – адпаведна 126 і 260). Прычыны адсутнасці таксама ранейшыя: некаторыя бацькі знаходзяцца ў водпуску і праводзяць яго разам з дзецьмі або малых даглядаюць бабулі і дзядулі. Пакідаюць дашкольнікаў дома і па іншых прычынах.
На момант «інфармацыйнага абвастрэння» Наталля Бялова была ў водпуску. Яе абавязкі выконвала намеснік. Цяпер апошняя працуе кіраўніком фізічнага выхавання ў гэтай жа ўстанове.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.