Новости Молодечно и Молодечненского района

У «Хоўхлаве» віды на ўраджай добрыя

  • 2021-07-16 07:52:12
  • Алег Бяганскі

Гаспадарку мы наведалі разам са старшынёй Маладзечанскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Анатоліем Фурсам (ён узначаліў профільны раённы прафсаюз на мінулым тыдні) і галоўным спецыялістам аддзела механізацыі, вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі раслінаводства ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Галінай Сасноўскай.

Важкі хлебны каравай можна атрымаць толькі пры максімальным садзейнічанні ўдзельнікам уборачнай. І тут важныя многія пытанні, у тым ліку ахова працы, забеспячэнне хлебаробаў спецадзеннем, гарачым харчаваннем, стварэнне для іх належных умоў працы. Усё гэта знаходзіцца на кантролі райвыканкама і прафсаюзаў.

Анатолій Фурс і Аляксандр Бараноўскі ля новага МАЗа, які нядаўна паступіў у гаспадарку.

На мехдвары «Хоўхлава» работа кіпела. Механізатары і слесары правяралі кожны вузел, кожную гайку. Мэта спецыялістаў – не дапусціць прастояў тэхнікі з-за паломак. Ад гэтага ў многім будуць залежаць ураджайнасць, прыбытак гаспадаркі, а таксама заробак удзельнікаў жніва.

— За тэхнічным станам камбайнаў у нас наладжаны строгі кантроль, — гаворыць начальнік механічнай майстэрні Іван Букрэй. – Дзякуючы гэтаму сур’ёзныя паломкі не дапускаюцца. У выніку падрыхтоўка тэхнікі да выхаду ў поле праходзіць аператыўна.

Субяседнік адзначыў, што ў час падрыхтоўкі да жніва добра сябе паказалі слесары Аляксандр Арцімовіч і Васілій Акульскі. Яны вопытныя работнікі, выдатна разбіраюцца ва ўсіх вузлах і механізмах. Веды і навыкі ў іх пераймае моладзь.

Нядаўна ў гаспадарку паступіў новы МАЗ, які будзе задзейнічаны на адвозцы збожжа з палёў. Кіраваць машынай даверылі вопытнаму вадзіцелю Аляксандру Бараноўскаму. Іван Букрэй зазначыў, што ўмовы для вадзіцеля ў новым аўтамабілі больш камфортныя — кабіна прасторная, агляд лепшы.

На мехдвары мы ўбачылі мінулагодняга «тысячніка» Яўгенія Пяткевіча. Механізатар аглядаў свой камбайн «Палессе», пераправяраў, ці ўсё ў парадку ў вузлах і механізмах.

— Летась з братам Юрыем на гэтай машыне мы ўбралі каля 1860 тон ураджаю, — паведаміў спецыяліст. – Сёлета ў складзе камбайнавага экіпажу будзе мой бацька. Да выхаду ў поле камбайн гатовы. Ведаю, што працаваць давядзецца ад цямна да цямна. Але цяжкасцей я не баюся. Настроены і ў гэтым годзе перавысіць тысячны рубеж.

Падсумаваў ход падрыхтоўкі гаспадаркі да жніва выконваючы абавязкі дырэктара таварыства Андрэй Стадуб. Ён паведаміў, што ступень гатоўнасці ў аўтатранспарту і камбайнавага парка высокая. Усяго на ўборачнай будуць задзейнічаны тры камбайны і чатыры аўтамабілі. Створаны і рэзерв тэхнікі для вывазу збожжа з палёў. Адрэстаўраваны зернесушыльны комплекс. Ёсць планы ўстанавіць падобны той жа магутнасці замест дзеючага.

— Віды на ўраджай сёлета добрыя, — адзначыў Андрэй Андрэевіч. – Разлічваем убраць збожжавых і зернебабовых не менш, чым летась. Галоўнае, каб не падвяло надвор’е.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.