— Палявыя работы цяпер у самым разгары, — гаворыць галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Леанід Давідзёнак. — Сеў яравых культур праходзіць у аптымальныя тэрміны. Шчыруюць на палях не толькі работнікі гаспадаркі. Добра сябе паказалі навучэнцы Беразінскага аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя. Яны праходзяць у «Хоўхлаве» вытворчую практыку.Іван Ляшчынскі ўпершыню прымае ўдзел у пасяўной кампаніі. Дапамагае практыканту ў асваенні прафесіі Леанід Давідзёнак.
Субяседнік падкрэсліў, што высокі ўраджай гарантуюць падрыхтаваная агратэхніка, навукова абгрунтаваны севазварот, унясенне ў глебу мінеральных і арганічных угнаенняў, своечасовае прымяненне сродкаў абароны раслін, іншыя мерапрыемствы. Усё гэта ў гаспадарцы праводзіцца.
— Сёлета больш увагі плануецца ўдзяліць арганізацыі кармавой базы для грамадскага статка, — паведаміў Леанід Мечыслававіч. — Адзін са шляхоў для гэтага — закладка насенных пасеваў траў. Такая мера дазволіць у сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве забяспечыць гаспадарку ўласным насенным матэрыялам.
Галоўны аграном адзначыў, што на пасяўной з поўнай аддачай працуюць усе ўдзельнікі кампаніі. Выдатна сябе зарэкамендавалі Сяргей Бабёр і Уладзімір Янкоўскі. Яны якасна падрыхтавалі тэхніку да выхаду ў поле, а цяпер паспяхова выконваюць даведзеныя заданні.
На вопытных механізатараў раўняюцца будучыя спецыялісты. Практыканты Юрый Малькевіч, Юсцін Базіс і Іван Ляшчынскі разглядаюць магчымасць пасля заканчэння ліцэя застацца ў гаспадарцы. У «Хоўхлаве» маладым кадрам будуць толькі рады.Смачна есці! Валянціна Кавалевіч частуе Юсціна Базіса гарачым абедам, які прывозяць удзельнікам пасяўной на поле. Палову кошту харчавання кампенсуе гаспадарка.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.