Новости Молодечно и Молодечненского района

У «Хажоваагра-2009» рыхтуюцца да пасяўной

  • 2021-03-17 07:15:38
  • Алег Бяганскі

— У першую чаргу выводзяцца на лінейку гатоўнасці тэхніка і агрэгаты, якія адкрыюць палявы сезон, — гаворыць галоўны інжынер гаспадаркі Аляксандр Карней. – Практычна завершана падрыхтоўка сродкаў механізацыі, якія будуць задзейнічаны на закрыцці вільгаці на палях, ворыве, унясенні на палеткі мінеральных угнаенняў і гэтак далей. Усяго плануецца задзейнічаць на сяўбе каля 15 адзінак тэхнікі, у тым ліку чатыры энерганасычаныя трактары.

Субяседнік падкрэсліў, што першачарговая патрэба гаспадаркі ў запасных частках задавальняецца. Рамонт некаторых вузлоў і агрэгатаў ажыццяўляецца на Маладзечанскім райаграсэрвісе. Акрамя таго, спецыялісты гэтай арганізацыі будуць праводзіць тэхнічнае абслугоўванне энерганасычаных трактароў.

Пётр Гайковіч і Аляксандр Карней падрыхтоўкай да пасяўной задаволены.

Не прадбачыцца ў гаспадарцы таксама «энергетычны голад». Паліва і гаруча-змазачныя матэрыялы пастаўляюцца стабільна. А ў перыяд пасяўной кампаніі, калі расход ГЗМ значна павялічваецца, будзе створаны іх запас на некалькі дзён.

Пры гэтым у «Хажоваагра-2009» не забываюць пра эканомію. На ўсіх энерганасычаных трактарах устаноўлены GPS сістэмы кантролю расходу паліва і перамяшчэння транспартных сродкаў. Паказчыкі адлюстроўваюцца ў рэальным часе. Дзякуючы такой тэхналогіі змяншаюцца выдаткі на палявыя работы.

— Тэхніку да выхаду ў поле рыхтуюць механізатары, якія будуць на ёй працаваць, — адзначыў Аляксандр Карней. – Гэта дадатковы стымул для людзей праводзіць работы якасна і з поўным захаваннем тэхрэгламентаў. Спецыялісты разумеюць: калі на пасяўной не будзе прастояў, кампанія пройдзе ў аптымальныя тэрміны. Як вынік — высокія ўраджаі і добрая аплата працы.

Спецыяліст высока ацаніў работу інжынернай службы гаспадаркі пры падрыхтоўцы да пасяўной. Усе спецыялісты працуюць зладжана. Улічваецца вопыт мінулых кампаній. Шчыруюць у майстэрні і механізатары. Прыклад іншым паказваюць Пётр Гайковіч, Сяргей Давідовіч, Віктар Вайткевіч. Людзі ведаюць: хутка іх чакае адказнае выпрабаванне, прыз у якім — важкі хлебны каравай.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.