«Вам рупліва працаваць шчыра мы жадаем!»
З такімі словамі беларускай прывітальнай песні звярнуліся да хлебаробаў удзельнікі народнага фальклорнага ансамбля «Маркаўчанка» Маркаўскага СДК. Пажадалі плённай працы і добрага ўраджаю дырэктар філіяла Людміла Лымар і старшыня Цюрлёўскага сельвыканкама Уладзімір Кушнярэвіч. Абрад асвячэння камбайнавых экіпажаў, тэхнікі і поля правёў айцец Мікалай. Камбайнерам і вадзіцелям уручылі сувеніры.
Свята не заняло шмат часу. Праводзілася яно прама на полі, якое трэба было ўбраць у той дзень. Для хлебаробаў дарагая кожная хвіліна. Тым больш і надвор’е спрыяла жніву.
— Ужо да зажынак у гаспадарцы ўбралі прыкладна дзесяць працэнтаў ад запланаваных плошчаў і намалацілі 686 тон збожжавых і зернебабовых (па даных на пятніцу, 23 ліпеня), — расказала Людміла Лымар. – Спачатку камбайны вышлі на палі, якія знаходзяцца ў нізінах. У выпадку дажджу ўборка там была б праблематычнай. Ура-
джайнасць пакуль склала 59,7 цэнтнера з гектара.
Дырэктар філіяла паведаміла, што на ўборачнай задзейнічаны шэсць камбайнаў. Усяго пад збожжавыя і зернебабовыя ў аграфірме адведзена 1260 гектараў, пад рапс – 319, пад гарох – 128. Аснову будучага ўраджаю хлебаробы пачалі закладваць яшчэ восенню мінулага года. Ворыва, унясенне ўгнаенняў, іншыя агратэхнічныя мерапрыемствы ажыццяўляліся якасна і ў аптымальныя тэрміны.
— Удзельнікі жніва забяспечаны ўсім неабходным, — дадала Людміла Лымар. – Хлебаробы атрымліваюць гарачыя абеды, падвячоркі. Па серадах ладзім рыбны дзень. Людзі самі выбіраюць, якую ваду ўзяць на вечар — мінеральную, звычайную ці салодкую. У асабліва гарачыя дні прывожу на поле марожанае. Настрой ва ўдзельнікаў жніва баявы.
Ва ўдзельнікаў жніва настрой баявы.
Раней ахоўваў парадак, цяпер вырошчвае хлеб
Работнік аграфірмы Аляксандр Брылеўскі адзін з тых, хто ў складзе камбайнавага экіпажу летась намалаціў больш за дзве тысячы тон збожжа (усяго такіх экіпажаў у раёне было сем). Сёлета разам з напарнікам Яўгеніем Коханам ён разлічвае як мінімум паўтарыць вынік.
— Гэта жніво ў мяне трынаццатае, — гаворыць Аляксандр.
– Уборачная практычна не адрозніваецца ад папярэдніх. Тая ж праца ад цямна да цямна, тая ж нагрузка. Аднак я прывычны да гэтага. А пасля ўборачнай можна і ў водпуск, адпачываць і набірацца ўражанняў.
Аляксандр Брылеўскі не шкадуе, што звязаў сваё жыццё з вёскай. Нарадзіўся ён у Насілаве. У мясцовай гаспадарцы працаваў бацька. Пасля заканчэння Маладзечанскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча №21 (цяпер Маладзечанскі дзяржаўны каледж) сем гадоў служыў міліцыянерам у Дэпартаменце аховы. Служба навучыла яго вытрымцы і дысцыпліне. Гэтыя якасці спатрэбіліся і ў аграфірме.
— Гаспадарка выдзеліла нашай сям’і дом у вёсцы Засценкі, — гаворыць Аляксандр. — Жывём у ім дружна. Жонка Аксана працуе на чыгунцы. Сын Аляксей і дачка Насця вучацца ў школе. Грошы, якія зараблю на жніве, папоўняць сямейны бюджэт.
Аляксандр Брылеўскі любіць тэхніку і разбіраецца ў ёй. Работнік дасканала ведае свой «Субару-Форастар». Як і камбайн «Палессе GS3219», на якім выйшаў на хлебную ніву.
— Камбайн новы, гаспадарка атрымала яго летась, — зазначыў механізатар. – Тэхніка сучасная, высокапрадукцыйная. Пры спрыяльных умовах надвор’я на ёй за дзень можна зжаць 180 тон збожжа. Дзякуючы такой тэхпадтрымцы і добрай арганізацыі працы жніво пройдзе хутка і без страт.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.