Новости Молодечно и Молодечненского района

У цэнтры ўвагі -- падрыхтоўка да ўборачнай

  • 2019-07-08 08:11:29
  • Алег Бяганскі

Трэба адзначыць, што час правядзення нарады і яе тэматыка невыпадковыя. Развіццё сельскай гаспадаркі краіны ідзе па інтэнсіўным шляху за кошт нарошчвання матэрыяльна-тэхнічнай базы. І тут важна наладзіць якаснае сэрвіснае абслугоўванне машынна-трактарнага парка. Дзякуючы гэтаму гаспадаркі сэканомяць грошы і павысяць рэнтабельнасць.

Важна сустрэць жніво ў поўнай гатоўнасці. У час уборачнай дарагая кожная хвіліна. Таму ўжо загадзя неабходна стварыць запас камплектуючых для экстраннага рамонту ў выпадку паломкі тэхнікі, распрацаваць тэхналагічныя працэсы аднаўлення дэталяў вузлоў і механізмаў, падрыхтаваць адпаведных спецыялістаў.

— Нарада нездарма праводзіцца на базе Маладзечанскага райаграсэрвіса, — расказаў дырэктар таварыства Тадэвуш Зарэцкі. – Прадпрыемства мае багаты вопыт рамонту і абслугоўвання многіх відаў тэхнікі. У нас працуюць вопытныя кадры, многае робіцца для імпартазамяшчэння дэталяў і запасных частак, неабходных для аднаўлення сельскагаспадарчых агрэгатаў. Калектыў паслядоўна рыхтуецца да жніва. Усё гэта цікава профільным спецыялістам з іншых рэгіёнаў.
І сапраўды, удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з перадавым вопытам маладзечанцаў. У двары прадпрыемства была арганізавана выстаўка ўборачнай тэхнікі. Таксама былі прадстаўлены адноўленыя і правераныя вузлы з абменнага фонду.

— Вузлы прызначаныя для экстраннага рамонту ўборачнай тэхнікі ў гаспадарках, — патлумачыў выконваючы абавязкі галоўнага інжынера таварыства Іван Лапін. – Для аператыўнага выканання адпаведных работ у таварыстве створаны мабільныя брыгады. У выпадку паломкі ўсё гэта зводзіць час прастою ўборачных агрэгатаў да мінімуму. Увогуле, прадпрыемства ў стане абслугоўваць усю лінейку задзейнічанай на ўборцы тэхнікі. Нашымі заказчыкамі з’яўляюцца гаспадаркі не толькі Маладзечанскага раёна, але і іншых.

Субяседнік адзначыў, што актыўная фаза падрыхтоўкі да жніва пачалася яшчэ ў кастрычніку-лістападзе мінулага года. Акрамя забеспячэння надзейнага функцыянавання тэхнікі вялікая ўвага надаецца камфорту ўдзельнікаў уборачнай кампаніі. У парадак прыводзяцца сістэмы кандыцыяніравання ў кабінах. Ствараюцца ўмовы для бяспечнай працы механізатараў.

— Хутка для хлебаробаў наступіць гарачая пара. Увесь ураджай павінен быць сабраны без страт і ў аптымальныя тэрміны. Мы зробім усё магчымае, каб не падвесці аграрыяў. Галоўнае, каб не падвяло надвор’е, — уступіў у размову слесар па рамонце паліўнай апаратуры ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс» Віктар Будрык.

Як падкрэсліў генеральны дырэктар ААТ «Мінскаблаграсэрвіс» Дзмітрый Шабар, поспех на жніве залежыць ад надзейнай работы тэхнікі і стараннасці кожнага ўдзельніка кампаніі. Таму ў гаспадарках трэба ўжо загадзя прапрацаваць пытанні аховы працы, харчавання механізатараў і вадзіцеляў, стварыць для людзей камфортныя ўмовы.