Новости Молодечно и Молодечненского района

«Тысячниками» стали шесть экипажей одного сельхозпредприятия

  • 2019-08-02 07:05:50
  • Алег Бяганскі

Адразу шэсць камбайнавых экіпажаў віншавалі ў ААТ «Гарадзілава». Адметна, што тысячны рубеж у намалоце збожжа новага ўраджаю яны пераадолелі амаль адначасова. Пры гэтым сярод лідараў раёна два маладзёжныя экіпажы.

Віншаванні з тысячным намалотам прымалі экіпажы ў складзе Аляксандра Сцефановіча і Яўгенія Гнілазуба, Юрыя Арловіча і Юрыя Варпаховіча. Хлопцы атрымалі падарункі ад прафсаюза. У рамках акцыі «Моладзь за ўраджай!» механізатараў адзначыў райкам БРСМ.

Прыемна было пачуць цёплыя словы падзякі за добрасумленную працу, а таксама атрымаць падарункі і больш вопытным работнікам – Уладзіміру Свянціцкаму і Антону Канановічу, Віктару Анопу і Аляксандру Івашкевічу, Сяргею Богдану і Андрэю Юрэвічу, Анатолію і Віктару Панчанкам.

Як адзначыў старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юрый Горлаў, гаспадарка ўзяла на ўборачнай добры старт. Цяпер хлебаробы развіваюць поспех. Радуюць ураджайнасць і тэмп жніва.

Юрый Мікалаевіч падзякаваў механізатарам за іх асабісты ўклад у раённы каравай, пажадаў далейшых поспехаў. Наперадзе яшчэ даволі вялікі аб’ём працы. Пры гэтым сабраць ураджай трэба без страт і ў аптымальныя тэрміны.

— Для нашага экіпажа гэта пятае жніво, — сказаў Юрый Арловіч. – «Тысячнікамі» мы станавіліся і ў мінулыя гады. Дасягаць такіх вынікаў дапамагае добрая арганізацыя ўборачнай. Тэхніка была падрыхтавана загадзя. Праблем з запчасткамі не было. Умовы працы задавальняюць. За дзень у сярэднім убіраем па 25 гектараў, намалочваем па 150 тон збожжа. Такі тэмп пастараемся захаваць да канца ўборачнай.
Юрый Варпаховіч дадаў, што на мехдвары яны ў пяць гадзін раніцы. Пасля агляду і праверкі тэхнікі выязджаюць у поле. Спачатку хлопцы ўбіралі рапс. Цяпер надышла чарга збожжавых каласавых. Работа працягваецца да позняга вечара.

Хлопцы расказалі, што моладзь мае на вёсцы добрыя перспектывы. Гаспадарка забяспечыла жыллём, ёсць магчымасць няблага зарабіць. Галоўнае — не ленавацца і працаваць добрасумленна.

— Праект «Моладзь за ўраджай!» традыцыйна рэалізуецца на Маладзечаншчыне ў перыяд уборачнай, — зазначыў першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Аляксей Вараўка. – Накіраваны ён на папулярызацыю сялянскай працы і аграрных прафесій. Прыемна, што тон у жніве задае моладзь. Прыклад ААТ «Гарадзілава» гэта пацвярджае.

Фота: Аляксей Платко.