— Калі вучыўся ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце ў Мінску, праходзіў у гаспадарцы інжынерную практыку, — гаворыць малады спецыяліст. – Пазнаёміўся з калектывам, умовамі працы. Калі атрымаў сюды размеркаванне, узрадаваўся. У таварыстве працуе шмат моладзі, сярод іх і галоўны энергетык Вадзім Магала, з якім мы вучыліся ў адной ВНУ.
Павел упэўнены, што інжынер па ахове працы з’яўляецца адным з ключавых спецыялістаў у арганізацыі. Акрамя ведання нарматыўных дакументаў, яму павінны давяраць работнікі. Трэба заваяваць у калектыве аўтарытэт, каб да тваіх парад прыслухоўваліся, распараджэнні выконвалі. А яшчэ знаходзіць агульную мову з калектывам і адміністрацыяй, разам вырашаць пытанні.
— Сельская гаспадарка — шматпрофільная галіна. Ёсць свая спецыфіка і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве. Таму без узаемадзеяння з профільнымі спецыялістамі ніяк. Галоўнае для ўсіх – захаваць жыццё і здароўе работнікаў, — зазначыў Павел Яблонскі.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ