Тадэвуш Мечыслававіч адзначыў, што на прадпрыемстве падрыхтоўка спецыялізаванай тэхнікі да жніва пачалася практычна адразу пасля завяршэння ўборачнай кампаніі мінулага года. Тры камбайны былі пераведзены ў рамонтныя майстэрні. Яшчэ тры рыхтавалі да выхаду ў поле непасрэдна ў падраздзяленні райаграсэрвіса ў Маркаве. Праводзілі работы ў асноўным будучыя камбайнавыя экіпажы. Дапамагалі ім спецыялісты інжынернай службы.
— На лінейку гатоўнасці збожжаўборачныя камбайны былі выстаўлены 25 чэрвеня, — расказаў Тадэвуш Зарэцкі. – Сярод выпрабаванняў быў і тэставы абмалот (аб’ектыўны і дакладны спосаб вызначыць, ці ёсць страты збожжа пры рабоце ўсіх вузлоў і механізмаў). Пры гэтым пад камбайнам у час работы знаходзіўся брызент. Такі прыём даваў магчымасць выявіць, дзе адбываецца «ўцечка» збожжа. З першага разу на «выдатна» экзамен здалі пяць адзінак тэхнікі. Праз некалькі дзён пасля ліквідацыі недахопаў допуск атрымаў і шосты камбайн.
На жніве ў гаспадарцы задзейнічаюць таксама дзевяць аўтамабіляў. Пяць з іх плануецца выкарыстоўваць на адвозе збожжа ад камбайнаў. Чатыры аўто з прычэпамі будуць перавозіць ураджай на элеватары і ў прыёмныя пункты ў лік дзяржзаказу. Дарэчы, падрыхтоўка аўтамабільнай тэхнікі да жніва ўжо завершана. Апошнія прыгатаванні да прыёму ўраджаю вядуцца на зернесушыльным комплексе.Выконваючы абавязкі галоўнага інжынера Леанід Рошчын і матарыст Сяргей Дзям’янка ля аўтамабіля, які прыбыў на рамонт з адной з гаспадарак раёна.
— Асноўныя задачы ў час жніва — выключыць страты збожжа і скараціць да мінімуму прастоі тэхнікі па прычыне паломак, — падкрэсліў субяседнік. – Для гэтага распрацавана сістэма прэміравання ўдзельнікаў кампаніі за якасную працу. Створана профільная камісія па якасці пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара таварыства Мікалая Каткаўца. Яна будзе ацэньваць работу камбайнераў, вадзіцеляў і тэхнолагаў. Увогуле, жніво ў райаграсэрвісе пройдзе пад дэвізам: «Правесці кампанію ў сціслыя тэрміны з найвышэйшай якасцю».
Для аператыўнага аказання дапамогі гаспадаркам раёна ў таварыстве створаны два мабільныя рамонтныя звяны. Адно з іх спецыялізуецца на механічных, зварачных работах, другое – на ліквідацыі непаладак у сістэмах гідраўлікі і электрыкі. Яшчэ адно ўніверсальнае мабільнае рамонтнае звяно будзе дзяжурыць на полі, дзе будуць убіраць ураджай камбайны прадпрыемства. Такая практыка існуе на райаграсэрвісе шмат гадоў і выдатна сябе паказала.
— Віды на ўраджай сёлета нядрэнныя, — паведаміў Тадэвуш Зарэцкі. – Спачатку гаспадарка прыступіць да ўборкі азімага рапсу. Затым надыдзе чарга азімых збожжавых. Потым паспеюць яравыя. На жаль, непагадзь ускладніла правядзенне жніва. З-за шквалістага ветру на некаторых палях (асабліва ў раёне вёскі Клочкава) утварылася палегліца. Аднак з дапамогай пэўных тэхнічных і тэхналагічных прыёмаў ураджай будзе ўбраны і тут. Прычым без страт.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: АЎТАР, архіў ААТ «МАЛАДЗЕЧАНСКІ РАЙАГРАСЭРВІС».