Новости Молодечно и Молодечненского района

Старшыня Мінскага аблвыканкама Анатолій Ісачанка правёў асабісты прыём грамадзян у Маладзечне

  • 2019-07-12 08:47:45
  • Алег Бяганскі

 

На прыёме прысутнічаў старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юрый Горлаў. Тлумачэнні давалі кіраўнікі і спецыялісты профільных арганізацый раёна.

Сярод пытанняў, якія ўзнімалі наведвальнікі, былі рамонт жылля, стан дарожнай сеткі, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Некаторым людзям патрабавалася ўрэгуляваць прававыя аспекты ў сферы нерухомасці, вырашыць зямельныя спрэчкі.

Так, уласнік аднаго з дамоў у вёсцы Дзякшняны прасіў садзейнічання ў будаўніцтве дарогі да яго жылля. Просьба заяўніка будзе задаволена.

Жыхары дамоў па вуліцах Чыгуначнай у Маладзечне і Міру ў пасёлку Сасновы Бор звярнуліся, у тым ліку, з пытаннем капітальнага рамонту жылых будынкаў. Старшыня аблвыканкама адзначыў, што адпаведнае рашэнне будзе прынята пасля дэталёвага абследавання аб’ектаў нерухомасці. Па выніках заключэння спецыялістаў дамы могуць быць унесены ў перспектыўны пералік работ па рамонце жыллёвага фонду.

Таксама ўзнімалася праблема асвятлення вуліц у пасёлку Сасновы Бор. Як патлумачыў старшыня Мясоцкага сельвыканкама Алег Горбач, кропак асвятлення ў гэтым населеным пункце дастаткова. Магчымыя няспраўнасці абавязкова будуць ліквідаваныя.

Жыхарка інтэрната па вуліцы Будаўнікоў цікавілася, чаму трэба плаціць і за камунальныя паслугі, і за карыстанне жылым памяшканнем. Жанчыне давялі, што такі плацеж прадугледжаны дзеючым заканадаўствам.

Жыхар аднаго з дамоў па вуліцы Замкавай быў нязгодны з межамі яго зямельнага ўчастка. Як паведаміў мужчына, калі спецыялісты абмяралі суседні ўчастак, яго не папярэдзілі. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што такія пытанні павінны вырашацца згодна з заканадаўствам. Каб разабрацца ў сітуацыі, на месца выедуць спецыялісты.
Усе праблемы, з якімі людзі звярнуліся да Анатолія Ісачанкі, дэталёва разгле-
джаны.

Падводзячы вынік прыёму, старшыня аблвыканкама адзначыў, што ў цэнтральным рэгіёне праводзіцца сістэмная работа па зваротах грамадзян. Людзі звяртаюцца да адказных асоб як раённага ўзроўню, так і абласнога. І тут важна не даваць пустых абяцанняў.

— Пытанні капітальнага рамонту жылля найбольш актуальныя ў час такіх прыёмаў, — падкрэсліў Анатолій Міхайлавіч. – Вырашыць іх за кароткі час немагчыма. Работы ў адпаведным кірунку будуць адбывацца па меры фінансавання.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Анатолій Ісачанка.

Фота: Віталій Крупянькоў.