— Чым даўжэй працуеш, тым больш можаш зрабіць, — па-філасофску гаворыць Сяргей Віктаравіч. Мінулы год, як і папярэднія, быў вельмі плённым для старшыні і яго калег — кіраўніка спраў Наталлі Керсноўскай, галоўнага спецыяліста Уладзіміра Камароўскага, старшага інспектара Алы Мядзведзевай. Па выніках работы за 2022 год Сяргей Шупляк прызнаны лепшым старшынёй сельскага (пасялковага) Савета дэпутатаў.
— Гэта вынікі нашай сумеснай працы. Я вельмі ўдзячны сваім калегам за падтрымку, разуменне, за тое, што мы працуем у адзінай камандзе, — адзначае старшыня сельскага Савета.
Было 13 вёсак, цяпер — 31
У красавіку 2003 года Сяргей Віктаравіч змяніў на гэтым пасту Лявона Шчуцкага, якога добра памятаюць і з удзячнасцю ўспамінаюць хажоўцы старэйшага пакалення. Лявон Якаўлевіч таксама каля 20 гадоў кіраваў сельскім Саветам, заўсёды дапамагаў парадамі свайму пераемніку.
На той час мясцовы орган улады месціўся ў старым драўляным доміку на вуліцы Савецкай. Дзякуючы намаганням новага кіраўніка ў 2004 годзе ён пераехаў у капітальна адрамантаванае памяшканне былой сталовай, што знаходзілася на першым паверсе гандлёвага цэнтра ў самым цэнтры Хажова.
— У нас свая кацельня, у кабінетах цёпла, светла, утульна. Людзям да нас зручна дабірацца, — гаворыць Сяргей Віктаравіч.
Добраўпарадкаваная і тэрыторыя сельсавета. У 2014 годзе, калі адзначалася 580-годдзе вёскі, быў устаноўлены памятны знак у памяць аб заснаванні Хажова ў 1434 годзе. У скверы выраслі прыгожыя туі — прадмет асаблівай гордасці старшыні. Ён сам вырошчвае саджанцы гэтых дрэў, збіраецца пасадзіць іх і на вуліцы Савецкай, каб яна стала яшчэ больш прыгожай. Не без удзелу Сяргея Шупляка ўзводзілася царква, якая таксама стала знакавым месцам у аграгарадку, упрыгожыла яго цэнтр.
Па ўсім відаць, наколькі зацікаўлена і неабыякава ставіцца старшыня да аблічча сваёй роднай і суседніх вёсак. «Дзе нарадзіўся — там і спатрэбіўся», — гэтыя словы з поўным правам можна аднесці да Сяргея Віктаравіча. У Хажове жылі яго бацькі, тут ён закончыў школу, на ўсё жыццё палюбіў спорт, асабліва валейбол, якім пастаянна займаецца і сёння. Тут стварыў сваю сям’ю: з жонкай Жаннай Канстанцінаўнай адзначылі сярэбранае вяселле, а галоўны плён сумеснага жыцця — дзве цудоўныя дачкі Лізавета і Карына. Дарэчы, Лізавеце перадалася бацькава захапленне: яна майстар спорту па валейболе.
Сяргей Віктаравіч ведае ўсіх мясцовых жыхароў, адчувае перад імі сваю адказнасць, стараецца дапамагчы вырашыць надзённыя праблемы…
За два дзесяцігоддзі тэрыторыя сельсавета пашырылася амаль утрая. Калі ў пачатку 2000-х у яго склад уваходзіла 13 вёсак, у якіх было каля 1400 жыхароў, то сёння — 31 вёска, 1135 домаўладанняў, 2602 жыхары. Самыя буйныя населеныя пункты — Хажова, Мыслевічы, Рагазы, Мойсічы, Адамавічы, Слабодка, Хоўхлава.
Са старастамі на пастаяннай сувязі
Да самых далёкіх вёсак — Пекароў, Шараёў, Абухаўшчыны, Лучанскіх — ад Хажова больш за 20 кіламетраў. У аператыўным вырашэнні розных пытанняў старшыні дапамагаюць 16 стараст. Сярод самых актыўных і зацікаўленых Лідзія Бабровіч, якая адказвае за Лучанскія, Шараі, Абухаўшчыну, Аляксандр Сянько з Хоўхлава, Наталля Каралевіч са Слабодкі, Людміла Кароль з Рагазаў, Галіна Дараховіч з Мойсічаў.
— Калі ўзнікае якая праблема, старасты са мной звязваюцца, выязджаю на месцы, разбіраюся. Рамонт дарог, утрыманне ў парадку могілак, ліквідацыя стыхійных звалак, работа магазінаў і аўтакрам, вулічнае асвятленне… Пытанні самыя розныя, і ўсе яны важныя для людзей, — гаворыць старшыня.
З задавальненнем ён адзначае, што ў мінулым годзе навялі парадак на хажоўскіх могілках, якія плануецца пашырыць. Таксама ўдалося ўстанавіць больш святлакропак у Бяртошках, Мойсічах, Мыслевічах. Пастаянна вядзецца работа па ліквідацыі пустых дамоў, па продажы ўчасткаў для будаўніцтва жылля з аўкцыёну.
Цесна супрацоўнічае мясцовая ўлада з арганізацыямі і ўстановамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета.
— У нас поўнае ўзаемаразуменне са старшынёй СУП «Хажоваагра-2009» Аленай Халматавай, дырэктарам філіяла «Маладзечнажалезабетон» ААТ «Крычаўцэментнашыфер» Андрэем Дзенісевічам, дырэктарам Хажоўскай СШ Андрэем Марозавым, участковым інспектарам міліцыі Андрэем Лазовікам і многімі іншымі, — расказвае Сяргей Віктаравіч.
Больш за палову домаўладанняў ацяпляюцца газам
— А што са зробленага за гэтыя гады вас асабліва радуе? — пацікавілася ў свайго субяседніка.
— Калі толькі заступіў на гэту пасаду, у мяне была мара падвесці газ у Хажова, іншыя вёскі, — расказвае ён. — І яна здзейснілася. Газаразмеркавальная станцыя ў нас існавала з 1995 года, але кааператыў па падвядзенні прыроднага газу быў створаны ў 2005 годзе. Мы пачыналі з 70 дамоў, на сёння ў Хажове газіфікаваны 140 дамоў, і любы жадаючы можа падключыцца. Ёсць такая магчымасць і ў жыхароў Мойсічаў, Слабодкі, дзе газ падведзены ў 2003-2004 гадах. Створаны кааператыў і падключана 11 дамоў у Бяртошках. Наогул, з 1135 домаўладанняў, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, да 660 падведзены газ.
У перспектыўны план развіцця раёна ўключана рэканструкцыя падстанцыі ў Брускаўшчыне, каб жыхары гэтай вёскі, а таксама Дранёў маглі ўстанавіць электракатлы. Спадзяюся, што да восені гэтага года ў дамы хажоўцаў будзе падведзена з горада вада. Цяпер мы прапрацоўваем гэта пытанне.
Калі едзеш з Маладзечна ў Хажова, немагчыма не заўважыць, што ў прыгарадных вёсках будуюцца новыя дамы, капітальна рамантуюцца старыя. Блізкасць горада (ад Маладзечна да Хажова 6 кіламетраў) спрыяе таму, што тут селяцца маладыя сем’і, у якіх нараджаюцца дзеці. Вось і нядаўна ў Хажоўскім сельсавеце зарэгістравалі сваю нованароджаную дачушку Алісу Ларыса і Аляксандр Казарыны з вёскі Капачы. Кожная рэгістрацыя нараджэнняў, шлюбаў радуе Сяргея Віктаравіча і яго калег. Бо гэта найлепшае пацвярджэнне таму, што жыццё тут віруе, а населеныя пункты набываюць сучаснае аблічча.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.