Конкурс складаўся не толькі з тэарэтычнай, але з практычнай часткі. Майстэрства ўдзельнікаў ацэньвалася па некалькіх крытэрыях. Кампетэнтнае журы правярала веды па пытаннях арганізацыі працоўнага месца, падрыхтоўкі інструментаў, вядзенні дакументацыі... Прычым пад увагу браліся таксама вынікі практычнай дзейнасці работнікаў.
Выйгралі спаборніцтва Ларыса Марзак з ААТ «Усход-Агра», Уладзімір Міткевіч, які працуе ў КСУП «Беразіна-Аграпрадукт», і спецыяліст з аграфірмы «Лебедзева» Артур Захаранка. Яны занялі першае, другое і трэцяе месцы адпаведна.
Усе ўдзельнікі атрымалі ад пярвічных прафсаюзных арганізацый гаспадарак падарункі або грашовыя ўзнагароджанні, а таксама падарункі ад райплемстанцыі. Пры гэтым пераможцы і прызёры конкурсу былі адзначаны дыпломамі і прэміямі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. Прызы былі і ад раённай племянной станцыі.
-- У гаспадарцы працую 22 гады, 17 з іх -- тэхнікам-асемянатарам, -- адзначыла Ларыса Марзак. – Адказваю больш чым за 500 кароў і 450 цялушак. Работа нялёгкая, патрабуе шмат часу. Я занятая і ў выхадныя дні, і ў святы. Але не шкадую, што выбрала гэту спецыяльнасць. Калектыў у нас дружны, згуртаваны. Адказнасць за даручаную справу адчуваюць усе – і даяркі, і ветэрынары, і загоншчыкі. Таму і вынік радуе.
Ларыса Вікенцьеўна жыве ў Выверах, працуе на ферме ў вёсцы Кашэўнікі. У яе з мужам вялікая гаспадарка. Дзеці вывучыліся. Сын -- інжынер, дачка – урач. Яны часта прыязджаюць на малую радзіму да бацькоў. Для жанчыны галоўнае ў жыцці -- клопат пра блізкіх і адказнае стаўленне да даручанай справы.
-- Конкурс паказаў, што спецыялісты з Маладзечаншчыны адны з лепшых у Мінскай вобласці, -- адзначыла пасля падвядзення вынікаў спаборніцтваў намеснік начальніка племяннога аддзела Мінскага племпрадпрыемства Таццяна Аляхновіч. – Гаспадаркі павінны ганарыцца такімі работнікамі. Ад іх у многім залежыць рост пагалоўя жывёлы і, адпаведна, вытворчасць малака і мяса.
Увогуле, селекцыйная работа ў цэнтральным рэгіёне вядзецца на высокім узроўні. Быкі-вытворцы ўтрымліваюцца на Нясвіжскім племпрадпрыемстве. Пры іх развядзенні выкарыстоўваецца лепшы сусветны вопыт. Супрацоўніцтва наладжана з лідарамі мяса-малочнай галіны ЗША, Канадай, Францыяй, Галандыяй. На жывёл заведзены генетычныя пашпарты-сертыфікаты. Дзякуючы гэтаму жывёлагадоўля ў вобласці мае вялікі патэнцыял.
Гэта пацвердзіў дырэктар райплемстанцыі Браніслаў Якавіцкі. Ён падкрэсліў, што ў раёне наладжаны эфектыўны кантроль за племянной работай і ўтрыманнем сельскагаспадарчых жывёл. Вялікая ўвага надаецца падрыхтоўцы адпаведных спецыялістаў. Усё гэта дае станоўчыя вынікі.
-- Прафсаюзам надзвычай важна падтрымліваць і заахвочваць работнікаў аграпрамысловага комплексу, -- адзначыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Саланенка. – Менавіта аграрыі забяспечваюць харчовую бяспеку нашай краіны, а жывёлагадоўлі пры гэтым адводзіцца вядучая роля.
Таксама прафсаюзы дапамагаюць замацаванню ў гаспадарках маладых кадраў, садзейнічаюць росту прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій. Такім чынам гарантуецца пераемнасць пакаленняў, у сельскай гаспадарцы адкрываецца перспектыва развіцця.