Новости Молодечно и Молодечненского района

«Солнечное радио» в эфире!

  • 2018-11-15 14:20:10
  • Ірына Рабушка


Гэта структурнае падраздзяленне КУП «Тэлевізійная вяшчальная сетка», кіраўніцтва якога і ініцыявала радыёпраект. Ідэю падтрымаў раённы выканаўчы камітэт. Ва ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, тэлесеткі, іншых зацікаўленых службаў. Сярод тых, хто звярнуўся да прысутных, была дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай гарадской выбарчай акрузе №72 Людміла Канановіч. Яна пажадала, каб «Сонечнае радыё» стала найперш дыялогавай пляцоўкай і абавязкова была зваротная сувязь са слухачамі. Да віншаванняў далучылася намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская.

-- Кожны праект патрабуе грунтоўнай падрыхтоўкі і вялікіх намаганняў для ажыццяўлення. Быў вельмі доўгі шлях да таго, каб у эфіры загучала «Сонечнае радыё». Гэта і падбор кадраў, і вывучэнне вопыту. Але цяпер спраў яшчэ больш. Трэба, як кажуць, знайсці свайго слухача, -- заўважыла яна.

Дырэктар КУП «Тэлевізійная вяшчальная сетка» Валянцін Давідовіч падкрэсліў, што слухаць «Сонечнае» змогуць жыхары не толькі нашага раёна, але і суседняй Вілейшчыны. Зрэшты, сігнал прымаецца ў многіх іншых рэгіёнах Мінскай і Гродзенскай абласцей, нават у сталіцы.

Начальнік аддзела радыёвяшчання -- Іна Пудакевіч, знаёмая многім па рабоце на мясцовым тэлебачанні.

Працаваць радыё будзе 18 гадзін у суткі -- з 6.00 да 24.00. Яго фармат – інфармацыйна-музычны. Стартуе эфір з забаўляльна-гульнявой праграмы «Разбудзільнік», дзе заўсёды будзе шанц выйграць прыз. На «Сонечным» наогул мяркуецца праводзіць розыгрышы і конкурсы. Праграмы будуць цікавыя і моладзі, і людзям старэйшага ўзросту.
Безумоўна, сучаснае радыё немагчыма без музыкі. Яна таксама на розныя густ і ўзрост. Хіты беларускай і замежнай эстрады, настальгічныя кампазіцыі, шлягеры, як кажуць, на ўсе часы.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.
Больш падрабязна -- у "МГ" за суботу, 17 лістапада.