Неаднойчы ў рэдакцыю звярталіся мясцовыя жыхары, якія ўзнімалі тэму ўвядзення службы «сацыяльнага таксі». Аб гэтым мы пагаварылі з дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Дзмітрыем Ганчаром.
— Пытанне ўвядзення «сацыяльнага таксі» абмяркоўваецца ўжо не першы год, — гаворыць Дзмітрый Аляксандравіч. – Але наш цэнтр не можа самастойна вырашаць яго. Для аказання такой паслугі неабходны аўтамабіль або мікрааўтобус, абсталяваны пад’ёмным механізмам для перавозкі інвалідаў і спецыялізаванымі сродкамі для пасадкі, высадкі і камфортнага перамяшчэння пасажыраў. Такога транспарту ў цэнтра няма. Да таго ж для арганізацыі «сацыяльнага таксі» нашай службе неабходныя адпаведная ліцэнзія і дадатковы штат супрацоўнікаў.
Яшчэ ў 2015 годзе да вырашэння гэтага пытання спрабавалі далучыць мясцовы аўтобусны парк. Нават пралічылі, што абсталяванне транспарту неабходнымі сродкамі абыдзецца амаль у мільярд рублёў па тагачасных цэнах. Сума, як бачна, немалая. Так пытанне зноў павісла ў паветры. Абмяркоўвалася тэма і ў раённым выканаўчым камітэце. Дзмітрый Аляксандравіч прымаў удзел у адным з пасяджэнняў, на якое запрасілі прадстаўнікоў мясцовых службаў таксі – спрабавалі вырашыць пытанне з іх дапамогай. Тады яны запэўнілі, што для інвалідаў і пенсіянераў прадугледжана гнуткая сістэма аплаты.
Цэны для ўсіх аднолькавыя
Мы патэлефанавалі ў дзве мясцовыя службы таксі. І пацікавіліся, ці сапраўды сёння ёсць скідкі або іншыя, скажам так, «бонусы» для вышэйназванай катэгорыі грамадзян. Адказ быў аднолькавы: цэны для ўсіх роўныя. Напрыклад, за дастаўку з вуліцы Маладзёжнай, 20 да паліклінікі №1 давядзецца заплаціць 4 рублі 50 капеек. Трэба заўважыць і тое, што ў таксістаў няма спецтранспарту для перавозкі інвалідаў.
— Многія абывацелі няправільна разумеюць, што такое «сацыяльнае таксі» ў нашай краіне. Гэта не азначае, што яно бясплатнае, — засяроджвае ўвагу дырэктар цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва. – У сталічным рэгіёне «сацыяльнае таксі» арганізавана ў Мінску і Салігорску. Існуе яно пры транспартных арганізацыях, якія займаюцца перавозкамі людзей. Пасажыраў могуць даставіць туды, куды яны жадаюць, за што давядзецца заплаціць, хіба толькі цэны памяркоўныя. Але паслуга не запатрабаваная ні ў Мінску, ні ў Салігорску. Мы неаднойчы вывучалі гэты вопыт.
У паліклініку? Дапаможам!
Наш тэрытарыяльны цэнтр пайшоў сваім шляхам. Тут дапамагаюць мясцовым жыхарам дабрацца выключна ў медыцынскія ўстановы Мінскай вобласці. Бясплатна. На такую дапамогу могуць разлічваць адзінокія пажылыя грамадзяне і інваліды, у каго няма працаздольных дзяцей, якія згодна з беларускім заканадаўствам павінны даглядаць бацькоў. Найчасцей звяртаюцца гараджане. Але масавых зваротаў няма — каля трыццаці за год.