У гаспадарку мы прыехалі незадоўга да абеду. Сервіроўка сталоў была ўжо завершана. Паабедаць хлебаробам можна было як у будынку сталовай, так і ў вялікай палатцы на вуліцы (дзе каму зручней). Камфортную абстаноўку дапаўняла музыка. Хлебаробы маглі не толькі смачна паесці, але і адпачыць, абмяняцца навінамі.
У сталовай пазнаёміліся з загадчыцай вытворчасці Сафіяй Савіцкай, поварам Дар’яй Абрамовіч і кухоннай рабочай Ганнай Козел. Ад іх шмат у чым залежыць працавітасць і настрой камбайнераў, вадзіцеляў, аператараў зернесушыльнага комплексу, а значыць, і агульны вынік уборачнай.
-- Разумеем, што праца ў полі цяжкая, таму стравы гатуем смачныя і сытныя, -- паведаміла Сафія Савіцкая. -- Для нас жніво таксама гарачая пара. Пры складанні меню ўлічваем пажаданні хлебаробаў. Прадукты закупляем толькі свежыя, якасныя, натуральныя, самыя лепшыя. У пік палявых работ на дзень трэба прыгатаваць некалькі дзясяткаў важкіх порцый. Таксама камплектуем падвячоркі. Без іх працаваць ад цямна да цямна было б складана.
Сафія Міхайлаўна працуе ў «Селеўцах» даўно. Жыллём забяспечыла гаспадарка. Жанчына спачатку развозіла абеды на палі, потым стала поварам. Цяпер загадчыца вытворчасці напаўняе меню разнастайнымі стравамі, сочыць за захаваннем якасці прадуктаў, выконвае іншыя абавязкі.
-- Стравы гатую з душой, па-дамашняму, -- падключылася да размовы Дар’я Абрамовіч. -- Найбольш люблю гатаваць капусту, боршч, расольнік, розныя супы. Добра атрымліваюцца катлеты, гуляш, салаты... Мне падабаецца карміць хлебаробаў. Радуе, калі людзі сытыя і задаволеныя.
Для Ганны Козел работа ў сталовай -- гэта і заробак, і добрая вытворчая практыка. Дзяўчына вучыцца ў Маладзечанскім дзяржаўным політэхнічным каледжы. Пасля яго заканчэння будзе спецыялістам у харчовай галіне. Кухоннай рабочай навучэнка ўладкоўваецца на час канікул ужо другі сезон.
-- Мець у гаспадарцы ўласны пункт харчавання практычна і эканамічна выгадна, -- гаворыць дырэктар гаспадаркі Уладзімір Карась. – Раней у будынку сталовай размяшчаліся пральня, склады. Калі было вырашылі адкрыць сталовую, зрабілі рамонт, закупілі адпаведнае абсталяванне, набылі музычны цэнтр. Давялося прыкласці дастаткова намаганняў, каб атрымаць санэпідэмічную сертыфікацыю.
Субяседнік дадаў, што працуе сталовая з пачатку сакавіка да пачатку снежня. Арганізуюць харчаванне падрыхтаваныя спецыялісты, якія прайшлі адпаведнае навучанне. Пасля зімы сталовую старанна рыхтуюць да прыёму наведвальнікаў. За аб’ектам харчавання замацаваны транспарт.
-- У час жніва хлебаробаў з палёў спецыяльна прывозяць у сталовую, -- падкрэсліў Уладзімір Карась. -- Арганізуюць іх дастаўку кіраўнікі вытворчых падраздзяленняў. Лічу, што людзі павінны харчавацца ў камфортных умовах. Работнікі цэняць клопат пра сябе, таму і працаваць імкнуцца як мага лепш. Для некаторых катэгорый работнікаў харчаванне бясплатнае, іншыя аплачваюць 30 працэнтаў ад яго кошту.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.