Пра гэта мы папрасілі расказаць заснавальніка і кіраўніка таварыства Кірыла МАКСІМЕНКУ.
Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца
— Нягледзячы на фармат, спецыялізацыю і колькасць работнікаў, любое прадпрыемства абавязана пастаянна развівацца, — падкрэсліў Кірыл Уладзіміравіч. – Правільна весці бізнес — асобная навука. Таму кіраўніцтву і работнікам суб’екта гаспадарання неабходна вывучаць вопыт перадавых кампаній, укараняць інавацыі. Прычым не толькі тэхналагічныя, але і ў сферы арганізацыі працы. У выніку рэнтабельнасць і прыбытак абавязкова вырастуць.
Субяседнік лічыць, што вучоба — гэта і ёсць галоўны фактар поспеху ў прадпрымальніцкай дзейнасці. Менавіта яна дапамагае пацясніць канкурэнтаў і замацавацца на рынку. А паколькі ніводная навучальная ўстанова не можа ўлічваць спецыфіку кожнага канкрэтнага прадпрыемства, праграма падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў павінна дзейнічаць ва ўсіх суб’ектах гаспадарання. Перапынак у развіцці азначае застой, які могуць скарыстаць канкурэнты. Работнікі павінны бачыць перспектывы кар’ернага росту. Тады ім будзе да чаго імкнуцца, а значыць, працаваць яны стануць з большай аддачай.
Сумленне — дастойны брэнд
— Дзяржава павінна больш актыўна падтрымліваць прадпрыемствы, якія прыцягваюць інвестыцыі і ствараюць рабочыя месцы. У гэтым выпадку адначасова вырашаюцца вытворчыя і сацыяльныя пытанні. Увогуле, неабходна мець такое прававое асяроддзе, каб суб’ектам гаспадарання было выгадна працаваць сумленна, — паведаміў Кірыл Максіменка.
Ён адзначыў, што ўхіленне ад падаткаў, «чорная каса», зарплаты ў канвертах, падман заказчыкаў і партнёраў ствараюць умовы для нядобрасумленнай канкурэнцыі. Церпяць ад яе дзяржава, законапаслухмяныя прадпрымальнікі і іх кліенты. На выяўленне гэтага якраз і па-
вінны быць накіраваны праверкі. А тым, хто працуе па законе, баяцца няма чаго.
Месца старту не мае значэння
Кірыл Уладзіміравіч упэўнены, што паспяховае вядзенне бізнесу магчымае і ў сталіцы, і ў раённым цэнтры. Пры гэтым удалы старт залежыць ад эфектыўнай рэкламы. Перш чым пачаць выпускаць прадукцыю або аказваць паслугі, неабходна дасканала вывучыць рынак, зразумець запыты спажыўцоў. Аднак трэба ўлічваць, што ў невялікіх населеных пунктах прадпрымальнік можа сутыкнуцца з недахопам кадраў адпаведнай кваліфікацыі. Вось тут і спатрэбіцца адаптаваная для прадпрыемства праграма навучання.
— Многія вядучыя сусветныя фірмы былі заснаваныя менавіта ў правінцыі. А развіцца ім дапамаглі амбіцыі кіраўніцтва кампаній і граматнае пастраенне бізнесу, — паведаміў прадпрымальнік.
Цяжкі хлеб і вялікая адказнасць
У канцы размовы Кірыл Максіменка параіў маладым людзям загадзя планаваць сваю будучыню. Многія школьнікі мараць стаць прадпрымальнікамі, аднак уяўленне аб прадпрымальніцкай дзейнасці ў іх фарміруюць галівудскія фільмы і глянцавыя часопісы.
На самай справе быць прадпрымальнікам – вялікая адказнасць і цяжкая праца. Вольнага часу практычна няма, думкі пастаянна занятыя вытворчасцю. Пры гэтым менавіта ў бізнесе можна ў поўнай меры раскрыць свае здольнасці. Каб паспрабаваць сябе ў прадпрымальніцтве, субяседнік раіць пэўны час адпрацаваць у паспяховай кампаніі. Такі вопыт абавязкова спатрэбіцца.