Новости Молодечно и Молодечненского района

Што будзе з рынкам райспажыўтаварыства ў Маладзечне?

  • 2016-12-12 12:37:11
  • Алег Бяганскі

Тэма магчымага пераносу або рэарганізацыі рынку Маладзечанскага райспажыўтаварыства хвалюе многіх жыхароў горада і раёна. Людзі непакояцца, як у бліжэйшай будучыні тут будзе арганізаваны гандаль.
Для высвятлення сітуацыі мы звярнуліся ў савет прадпрымальнікаў рынку. Там паведамілі, што гэтыя пытанні абмяркоўваліся ўжо са старшынёй райвыканкама і іншымі адказнымі асобамі, і прадставілі пісьмовы адказ на іх зварот за подпісам А. Яхнаўца.

Дакумент датаваны 25-м ліпенем. У ім сказана, што для выканання генеральнага плана Маладзечна распрацаваны праект дэталёвага плана цэнтральнай часткі горада, які прадугледжвае рэарганізацыю рынку райспажыўтаварыства і прывядзенне яго ў нарматыўны стан.

Згодна з праектам на тэрыторыі рынку запланавана будаўніцтва шматфункцыянальнага гандлёвага комплексу. Тэрміны вынасу рынку і аб’ектаў гандлю пакуль не ўстаноўлены па прычыне адсутнасці інвестара будаўніцтва гандлёвага комплексу.