Новости Молодечно и Молодечненского района

Сем дзясяткаў рыб за тры гадзіны

  • 2022-02-01 07:13:50
  • Алег Бяганскі

Прымалі ўдзел у «рыбных баталіях» каманды з Маладзечанскага, Вілейскага і Валожынскага раёнаў. Рыбаловы спаборнічалі ў асабістым і камандным заліках. Участак вадасховішча, на якім яны выпрабоўвалі рыбацкую ўдачу, быў падзелены на тры сектары. Прадстаўнікі кожнай каманды свідравалі лункі ў розных сектарах. На кручок магла трапіць розная здабыча.

— Васькаўскае вадасховішча – вадаём багаты, — адзначыў дырэктар Маладзечанскай раённай арганізацыйнай структуры БТПР Дзмітрый Бобрык. – Створана яно ў пойме Заходняй Бярэзіны. Тут водзяцца акунь, карась, плотка, ёрш, чырванапёрка, гусцяра, сазан, карп, лін, мянтуз і іншыя рыбы. Сюды прыязджаюць на рыбалку жыхары Маладзечанскага і суседніх раёнаў.

Дзмітрый Бобрык і Анатолій Пяцюшык абмяркоўваюць ход спаборніцтваў.

Мы пацікавіліся настроем удзельнікаў спаборніцтваў. Усё ж тры гадзіны на лёдзе пры мінусавай тэмпературы і даволі моцным ветры — задавальненне, як кажуць, на аматара. Аднак менавіта гэта і прыцягвае рыбаловаў.

— Улоў для мяне не галоўнае, — гаворыць наш зямляк Дзяніс Капцюг. – Люблю рыбалку за магчымасць пабыць на прыродзе, адпачыць ад мітусні. Падабаецца сама атмасфера. Рыбалкай захапляюся з дзяцінства. Пабываў з вудай практычна на ўсіх галоўных вадаёмах краіны. Асабліва адметнае Вілейскае вадасховішча. Там злавіў шасцікілаграмовага сазана, ляшча вагой тры кілаграмы, шчупака, які заважыў чатыры кіло.

А вось у Дзмітрыя Шапуцькі добрыя ўспаміны звязаны з Палачанскімі разлівамі. Яны падарылі рыбалову шмат буйных трафеяў, сярод іх карась вагой тры з паловай кілаграма.

— У мужчыны генетычна ёсць інстынкт здабытчыка, — падзяліўся думкамі Ігар Раловіч. — А рыбалка якраз і дазваляе яго рэалізаваць. Важна таксама, што ў час рыбалкі ёсць магчымасць пагаварыць з іншымі аматарамі, падзяліцца сакрэтамі майстэрства. Усё гэта стварае непаўторную аўру, што і прываблівае людзей.

Для Ігара Раловіча галоўнае ў рыбалцы – непаўторныя эмоцыі.

Час, адведзены на спаборніцтвы, ішоў хутка. Пры гэтым справы ў прэтэндэнтаў на перамогу ішлі па-рознаму. У кагосьці ўлоў складаў некалькі рыбак. У некаторых лік ішоў на дзясяткі. Найбольш удачлівыя казалі, што ім не сорамна будзе вяртацца дадому.

Рыба ў час спаборніцтваў лавілася не вельмі вялікая. Напэўна, уплывалі надвор’е і перапады атмасфернага ціску. Людзі казалі, што зрасходавалі шмат прыкорму, аднак настрой ва ўсіх быў выдатны. Рыбаловы жартавалі, падбадзёрвалі адзін аднаго.

У час узважвання ўлову хваляваліся ўсе.

За ўзважваннем улову сачылі і члены каманд, і сапернікі. Спачатку журы падлічвала колькасць вылаўленых рыб, потым іх агульную вагу. Найбольш буйныя экзэмпляры ўзважваліся асобна. Вынікі падводзіліся з дакладнасцю да грама.

У камандным спаборніцтве перамагла каманда №2 Вілейскага раёна. На яе ліку 3,318 кілаграма рыбы. Другі вынік — у валожынцаў (2,08 кілаграма). «Бронза» дасталася камандзе Сухапараўшчынскага падраздзялення Маладзечанскай раённай арганізацыйнай структуры БТПР.

 У асноўным на кручок трапляліся акуні і плоткі.

Агульны ўлоў склаў крыху больш за кілаграм. Самую буйную рыбу (114 грамаў) злавіў жыхар Вілейкі Яўгеній Русак. Ён стаў пераможцам і ў асабістым заліку (1,385 кілаграма), і па колькасці злоўленых экзэмпляраў (70 штук). Пераможцы атрымалі ад таварыства паляўнічых і рыбаловаў граматы і каштоўныя падарункі.


У ТЭМУ

Зіма перасекла ўжо свой экватар. На вадаёмах устанавілася ўстойлівае лядовае покрыва. Аднак пра бяспеку пры наведванні водных аб’ектаў усё ж забываць нельга. Старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Анатолій Пяцюшык нагадаў асноўныя правілы знаходжання на лёдзе.

Так, перш чым ступіць на лёд, неабходна ўважліва агледзецца, намеціць маршрут, выбраць бяспечныя месцы. Правяраць трываласць лёду трэба не ўдарам нагі, а пешняй або палкай. Памятайце, што надзейны лёд празрысты з зеленаватым адценнем, таўшчынёй не менш за 7 сантыметраў. Асабліва асцярожнымі трэба быць у месцах пакрыцця тоўстым пластом снегу, хуткага цячэння, выхаду крыніц, паблізу кустоў травы, у месцах упадання ў вадаём ручаёў і сцёкавых вод прамысловых прадпрыемстваў.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.