Новости Молодечно и Молодечненского района

С новым годом!

  • 2021-12-31 11:55:06

1 СТУДЗЕНЯ – НОВЫ ГОД

Дарагія жыхары горада і раёна! Шчыра віншуем вас з Новым годам!

Гэта добрае, сямейнае свята традыцыйна ўваходзіць у наша жыццё разам са светлымі надзеямі і планамі на будучыню. У цудоўныя, святочныя дні мы загадваем жаданні і спадзяёмся на тое, што наш свет стане лепшым. Кожны з нас спадзяецца, што шчасце і поспех абавязкова прыйдуць у кожны дом і кожную сям’ю. У нашых сілах падарыць сваім блізкім самае дарагое — цяпло, разуменне і любоў!

Якім будзе новы год — залежыць ад кожнага з нас. Таму перш за ўсё жадаем усім веры ў сябе і свае сілы, вялікіх здзяйсненняў, адкрыццяў і надзей. Няхай усё добрае, што радавала і аб’ядноўвала ўсіх нас у 2021-м, абавязкова знойдзе свой працяг у надыходзячым годзе!

Няхай 2022 год стане для вас годам удачы, яркіх падзей, новых магчымасцей і перспектыў, рэалізацыі смелых ідэй і грандыёзных праектаў. Моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, радасці, міру і спакою вам і вашым сем’ям!

РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ.
РАЁННЫ САВЕТ ДЭПУТАТАЎ.


Дарагія жыхары Маладзечанскага раёна! Прыміце шчырыя віншаванні з Новым годам!

У гэтыя святочныя дні неяк па-асабліваму верыцца ў тое, што наш свет павінен стаць лепшым, больш добрым. Мы чакаем цуду, прыемных нечаканасцей і падарункаў. Няхай жа гэты год будзе шчодры і апраўдае вашы чаканні!

Жадаем, каб вашым лепшым пачынанням заўсёды спадарожнічалі творчае натхненне і стваральная ініцыятыва, а ваша энергія служыла залогам паспяховага выканання вызначаных планаў! Няхай нас усіх пакінуць трывогі і хваляванні, а жыццё з кожным днём будзе больш багатым і насычаным. Няхай Новы год дапаможа ў здзяйсненні самай запаветнай мары, умацуе веру ў будучыню, а вашымі пастаяннымі спадарожнікамі будуць поспех, аптымізм і добры настрой! Няхай у кожным доме будзе дастатак, у кожнай сям’і — любоў, клопат і ўвага блізкіх, у кожным працоўным калектыве – згуртаванасць і настрой на высокі вынік, а ў краіне — мір і згода!

К.В. КАПУЦКАЯ, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Л.М. КАНАНОВІЧ, А.А. СЕМЯНЧУК, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.


Паважаныя жыхары Маладзечанскага раёна! Дарагія ветэраны вайны і працы, былыя вязні канцлагераў! Ад усёй душы віншуем вас з Новым Годам і Нараджэннем Хрыстовым!

Новы год – асаблівае свята, яно заўсёды дорыць надзею на шчасце і поспех, нясе радасць і аптымізм. Але напярэдадні 2022-га мы аналізуем год адыходзячы. Ён быў напоўнены рознымі падзеямі, прыемнымі і не вельмі: цікавымі справамі, мерапрыемствамі, юбілейнымі датамі і, на жаль, нягодамі і стратамі. Але адчуваючы падтрымку блізкіх, сяброў, калег і проста добрых, чулых людзей, мы пераадольвалі цяжкасці і ішлі наперад.

Нязменнымі пажаданнямі кожны год застаюцца моцнае здароўе, мір і спакой у нашых дамах, паразуменне, падтрымка і згода паміж людзьмі. Гэта галоўныя каштоўнасці, без якіх не можа жыць як краіна, так і кожная сям’я. Калядныя, святочныя дні заўсёды напоўнены асаблівым святлом, яны нясуць мудрасць, дабро, напаўняюць душу кожнага чалавека любоўю.

Няхай гэты год будзе спакойным і стабільным. Няхай усіх нас аб’яднаюць вера ў свае сілы, добрыя справы на карысць нашага роднага краю і сям’і. Няхай у кожным доме будуць дастатак, мір і цеплыня. Жадаем вам моцнага здароўя, аптымізму, шчасця і дабрабыту!

РАЁННЫ САВЕТ ВЕТЭРАНАЎ.