Найбольш рыбныя вадаёмы раёна – Васькаўскае вадасховішча і штучныя азёры ля Палачан і Беразінскага. А на ўчастку Ушы ад Верадова да Маладзечна сустракаецца стронга («чырванакніжны» від рыб).
Іосіф Рамуальдавіч адзначыў, што аматарам юшкі ў раёне ёсць дзе лавіць і ёсць што лавіць. На кручок трапляюць плотка, акунь, шчупак, лінь, чырванапёрка, гусцяра, сом і іншыя прадстаўнікі воднага царства. Багатыя рыбай і рэкі (асабліва Вілія, Беразіна, Удранка).
У апошнія гады рыбы на Маладзечаншчыне становіцца больш. Белым амурам, карасём, таўсталобікам і сомам былі зарыблены Палачанскія разлівы. Значна павялічыўся арэал стронгі. У выніку многім нашым землякам удаецца вылавіць сапраўды знатныя экзэмпляры. Так, адзін маладзечанец злавіў на Васькаўскім вадасховішчы 8-кілаграмовага шчупака. А шчупак з Палачанскіх разліваў заважыў амаль 12 кілаграмаў!
— У рыб ёсць свае «інтэлектуалы», якія проста так не трапляюць на кручок, — гаворыць субяседнік. — Каб здабыць таго ж шчупака, ліня або белага амура, трэба вельмі пастарацца, улічыць многа фактараў. Аднак такія трафеі цэняцца асабліва.
Як паведаміў Іосіф Залуцкі, у горадзе і раёне больш за 600 чалавек маюць пасведчанні Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Сярод іх шмат жанчын. Яны нароўні з мужчынамі ўдзельнічаюць у спаборніцтвах і могуць пахваліцца ня-
дрэннымі вынікамі. Аматарская і спартыўная рыбная лоўля набывае папулярнасць у юных жыхароў Маладзечаншчыны.
— За кошт членскіх узносаў фінансуюцца зарыбленне вадаёмаў, правядзенне тэматычных конкурсаў і спаборніцтваў, мерапрыемствы па ахове воднага багацця (акцыя «Чысты вадаём» і інш.). Таварыства арганізавала дзіцяча-юнацкі конкурс «Прырода і жывёльны свет Беларусі». Удзельнічаць у ім могуць школьнікі малодшых, сярэдніх і старэйшых класаў, — паведаміў вядучы паляўніцтва-
знавец.
Правіла пяці кілаграмаў
Іосіф Рамуальдавіч адзначыў, што аматарская рыбалка — гэта перш за ўсё адпачынак. Тут важна яднанне з прыродай, цярпенне, веданне паводзін рыб і асаблівасцей вадаёма. А жаданы трафей – прыемны бонус за праведзены час.
— Каб у аматараў юшкі азарт не выходзіў за межы, існуюць правілы аматарскага і спартыўнага рыбалоўства, — зазначыў субяседнік. – Напрыклад, нельга прымяняць сеткі, электравуды, іншыя сродкі масавага знішчэння рыбы. У перыяд нерасту для кожнага віду рыб уведзены абмежаванні на вылоўліванне. На працягу дня рыбалоў мае права здабыць не больш за пяць кілаграмаў трафеяў (калі рыба заважыла больш, яна застаецца ў шчасліўца).
Іосіф Залуцкі дадаў, што на Маладзечаншчыне ўсё часцей злоўлены трафей адпускаюць у вадаём. У гэтым выпадку на памяць застаюцца фотаздымак пра падзею і добры настрой. А прыхільнікі класічнай рыбалкі могуць заказаць з вылаўленага экзэмпляра чучала і потым паказваць яго як доказ свайго майстэрства.
У канцы размовы субяседнік пажадаў аматарам рыбалкі берагчы прыроду, не пакідаць ля вадаёмаў смецце і выконваць правілы рыбалоўства.
ЦІКАВА ВЕДАЦЬ. Вадаёмы Беларусі насяляюць 65 відаў і падвідаў рыб, прычым 16 відаў не з’яўляюцца абарыгеннымі. Напрыклад, галавешка-ратан амаль цалкам выцесніў азёрнага гальяна, які цяпер занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь як рэдкі від, што знаходзіцца на мяжы знікнення.