Новости Молодечно и Молодечненского района

Райаграсэрвіс рыхтуе тэхніку да сезона

  • 2022-01-21 07:15:09
  • Алег Бяганскі

Як адзначыў Тадэвуш Мечыслававіч, на трактарах плануецца замяніць машыннае масла, паветраныя і паліўныя фільтры, праверыць і адрэгуляваць гідраўлічныя сістэмы, электраабсталяванне, выканаць іншыя рэгламентныя работы. Дзякуючы прынцыповай пазіцыі старшыні райвыканкама Юрыя Горлава прадпрыемству для падрыхтоўкі тэхнікі гаспадарак да выхаду ў поле будзе аказана дапамога.

Што тычыцца сродкаў механізацыі самога райаграсэрвіса, іх падрыхтоўка да палявых работ пачалася адразу пасля завяршэння мінулага палявога сезона. Не спыняецца яна і цяпер. На лінейцы гатоўнасці два пасяўныя агрэгаты. Практычна завершана падрыхтоўка трактароў і аўтамабіляў. Капітальна адрамантаваны 8-тонны бензавоз (такім чынам вырашана пытанне гарантаванай дастаўкі паліва для транспарту арганізацыі).

Слесар-матарыст Сяргей Дзям’янка і вядучы інжынер Іван Грышан упэўнены ў якасці рамонту буракаўборачнага камбайна.

— Райаграсэрвіс не стаіць на месцы, — расказаў Тадэвуш Зарэцкі. – Прадпрыемства пастаянна развіваецца, павялічваецца яго матэрыяльна-тэхнічная база, асвойваюцца новыя віды паслуг. Так, сёлета ў планах набыць два аўтамабілі МАЗ, устаноўку для плазменнай рэзкі металу, а таксама абсталяванне для шынамантажу легкавых аўтамабіляў.

Расказаў субяседнік і аб такім напрамку дзейнасці райаграсэрвіса, як абслугоўванне даільнага абсталявання на малочнатаварных фермах і комплексах.

Заказчыкамі гэтых работ з’яўляюцца гаспадаркі Маладзечанскага і суседніх раёнаў. Профільныя паслугі з кожным годам усё больш запатрабаваныя ў цэнтральным рэгіёне. Адміністрацыя прадпрыемства ўлічвае гэта і прымае эфектыўныя меры, каб задаволіць попыт.

— Што тычыцца вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, то значны зачын ёсць і ў гэтай сферы, — зазначыў Тадэвуш Мечыслававіч. — Так, у структурным падраздзяленні прадпрыемства ў Маркаве вытворчасць малака летась вырасла больш чым на 108 працэнтаў у параўнанні з 2020 годам. Значна павялічылася доля малака, якое здаецца на перапрацоўку гатункам «экстра». Сеў азімых культур быў праведзены якасна і ў тэрмін.

Як лічыць кіраўнік райаграсэрвіса, добрыя вытворчыя паказчыкі прадпрыемства і ўпэўнены рух наперад дасягнуты перш за ўсё дзякуючы згуртаванасці калектыву, падбору высокакваліфікаваных спецыялістаў, матываванасці работнікаў. На прадпрыемстве захаваны касцяк кадраў, вопытныя работнікі перадаюць свае веды і навыкі моладзі. У выніку калектыў хутка рэагуе на патрэбы рынку, паспяхова вырашае пастаўленыя задачы.

Тадэвуш Зарэцкі назваў спецыялістаў, якія ўносяць значны ўклад у развіццё прадпрыемства. Сярод іх Уладзімір Бажко, Сяргей Ермаковіч, Віктар Будрык, Андрэй Удовін, Аляксандр Лагіновіч, Анатолій Анішчук і іншыя.

Кароткую вытворчую нараду праводзяць слесар-электрык па рамонце электраабсталявання Аляксандр Лагіновіч і начальнік рамонтнай майстэрні Мікалай Башаркевіч.

ДАВЕДКА
ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс» адно з найстарэйшых прадпрыемстваў сельскагаспадарчай галіны раёна. Яно складаецца з некалькіх структурных падраздзяленняў і спецыялізуецца на рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі, вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства, аказанні транспартных паслуг, комплекснай механізацыі жывёлагадоўчых ферм і гэтак далей. На прадпрыемстве працуе больш за 220 чалавек.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.