Новости Молодечно и Молодечненского района

«Радуюся нараджэнню кожнага цяляці»

  • 2022-05-18 05:06:23
  • Алег Бяганскі

Працуе яна ў філіяле Аграфірма «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга».

— Я абслугоўваю каля 800 галоў буйной рагатай жывёлы, — гаворыць Ганна Валянцінаўна. – Без маёй дапамогі яны не з’явіліся б на свет. І я гэтым ганаруся.

Субяседніца паведаміла, што праца тэхніка-асемянатара вельмі адказная і карпатлівая. Яна патрабуе шырокіх ведаў. Без спалучэння дасягненняў навукі і практыкі тут не абысціся. У наш час штучнае асемяненне з’яўляецца не толькі асновай селекцыі, але і асноўным метадам развядзення жывёл у сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

— У гаспадарцы створаны ўсе ўмовы для павышэння эфектыўнасці жывёлагадоўлі, — падкрэсліла Ганна Садоўская. — На высокім узроўні ветэрынарная і заатэхнічная службы. Аб’екты галіны адрозніваюцца высокай механізацыяй працы. Персанал ведае свае абавязкі, дакладна выконвае іх. Дзякуючы гэтаму філіял Аграфірма «Лебедезва» сярод лідараў у раёне па надоях і прывагах буйной рагатай жывёлы. А шматлікі здаровы маладняк і надалей гарантуе высокія паказчыкі.

Штучнае асемяненне з’яўляецца асноўным метадам развядзення жывёл у сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

Спецыфіка працы Ганны Валянцінаўны такая, што падапечнымі даводзіцца займацца і ў выхадныя, і ў святочныя дні.

— Затое калі карова зацяжарвае, пераконваешся, што работа выканана якасна. Уважліва сачу, як праходзіць цяжарнасць. Радуюся нараджэнню кожнага цяляці, — падзялілася эмоцыямі Ганна Садоўская.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.