Капіталізацыя сумлення
Узначальвае кампанію «БАРРО» член савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Васілій Баранчук. Залог паспяховай дзейнасці ён бачыць у мабільнасці вытворчасці, зацікаўленасці калектыву ў выніках працы і эканоміі рэсурсаў. Прадпрыемства спецыялізуецца на выпуску матрацаў і мае на тэрыторыі краіны 10 фірменных магазінаў. У кампаніі працуюць каля 300 чалавек.
— Абсталяванне на прадпрыемстве японскае, карэйскае, італьянскае… — адзначыў Васілій Анатольевіч. – Устаноўлена некалькі аўтаматычных ліній. Каля 30 працэнтаў прадукцыі пастаўляецца ў Расію. Зменшыць выдаткі дазваляюць аўтаномная сістэма цеплазабеспячэння і вытворчасць асноўных камплектуючых уласнымі сіламі. Цеплагенератары, якія працуюць на адходах вытворчасці, зманціраваны непасрэдна ля цэхаў і адміністрацыйнага корпуса. Немалаважнае значэнне мае і работа з калектывам.
Адміністрацыя кампаніі рэгулярна запрашае на прадпрыемства свяшчэннаслужыцеляў. Прозвішчы тых, хто працуе не па сумленні (дапускае брак, парушае дысцыпліну), заносяцца на спецыяльную «дошку ганьбы». Члены калектыву могуць купіць прадукцыю кампаніі са значнай скідкай (вось вам і прафілактыка крадзяжоў).
Удзельнікі семінара падкрэслілі, што айчынны рынак недастаткова ёмісты, каб забяспечыць устойлівае развіццё мэблевай галіны. Да таго ж аб’ёмы продажу мэблі непасрэдна звязаныя з аб’ёмамі капітальнага будаўніцтва. Вось чаму вытворцам сталоў, канап, шафаў трэба нарошчваць экспартныя пастаўкі. Як гэта зрабіць, расказаў эксперт экспартнага кансорцыума польскіх вытворцаў Рычард Ліпскі.
Пераўтварыць недахопы ў вартасці
— На працягу апошніх двух дзясяткаў гадоў еўрапейскія спажыўцы мэблі арыентаваліся на пластык, — адзначыў эксперт. – Цяпер яны вяртаюцца да натуральных матэрыялаў. Менавіта ў гэтым сектары моцныя пазіцыі беларускіх вытворцаў.
Рычард Ліпскі пералічыў канкурэнтныя перавагі айчынных прадпрыемстваў мэблевай галіны. Сярод іх якасць вырабаў, уласная сыравінная база, высокая кваліфікацыя работнікаў, танныя піламатэрыялы (у параўнанні з краінамі Еўрасаюза).
Аднак у Беларусі недастаткова развіта кааперацыя сярод вышэйзгаданых прадпрыемстваў, ёсць пытанні па дызайне вырабаў, практычна адсутнічаюць тавараправодная сетка і сістэма лагістыкі на рынках Заходняй Еўропы. Выправіць сітуацыю дазволіць стварэнне ў нашай краіне спецыяльнага кластара. Дарэчы, у ім зацікаўлены і польскія прадпрымальнікі, якія з дапамогай беларусаў маюць намер умацаваць свае пазіцыі ў Еўрасаюзе.
Эксперт паабяцаў сваю дапамогу ў наладжванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж суб’ектамі гаспадарання Польшчы і Беларусі і прасоўванні айчыннай мэблі на знешнія рынкі.
Маладзечанскі інтарэс
— Кластарная мадэль пабудовы эканомікі паказала ўжо сваю эфектыўнасць. Яна дазваляе павялічыць аб’ём выпуску прадукцыі, павысіць прадукцыйнасць працы. Акрамя таго, разам заваёўваць новыя рынкі нашмат лягчэй, чым паасобку. Таму прапановы Рычарда Ліпскага вартыя ўвагі, — падзяліўся думкамі вытворца мэблі і прадстаўнік кампаніі «Мэблевы рай» у нашым горадзе Аляксей Ігнатовіч.
Маладзечанскі прадпрымальнік таксама дадаў, што пры пастаўках на экспарт гатовай прадукцыі не адбываецца адтоку за мяжу рабочай сілы. Работнікі застаюцца са сваімі
сем’ямі і ўдзельнічаюць у эканамічным жыцці раёна.
Фота: Алег БЯГАНСКІ.