Акцыя «Наш жывёлавод» працягваецца ў цэнтральным рэгіёне больш за месяц. Праводзіцца яна шосты год запар з мэтай падняць прэстыж работнікаў галіны, пазнаёміцца з умовамі працы жывёлаводаў, адзначыць лепшых, дапамагчы ў вырашэнні пытанняў, якія ўзнімаюць работнікі малочнатаварных ферм, комплексаў, іншых аб’ектаў.
Гаспадаркі, работнікаў якіх адзначылі прафсаюзныя актывісты, маюць добрыя паказчыкі па вытворчасці малака і мяса. Як расказаў галоўны заатэхнік ААТ «Гарадзілава» Ілья Галодзька, усяго ў гаспадарцы ўтрымліваецца каля трох тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Амаль трэць з іх складае дойны статак. Утрымліваюцца жывёлы на чатырох малочнатаварных фермах.
— У таварыстве адказна падрыхтаваліся да зімова-стойлавага перыяду, — паведаміў спецыяліст. — Была нарыхтавана дастатковая колькасць кармоў для грамадскага статка, жывёлы забяспечаны збалансаваным рацыёнам. Камбікорм у Гарадзілаве вырабляецца па палепшанай рэцэптуры. Выкарыстоўваецца каля 10 кампанентаў. Ацэнку якасці кармоў праводзіць сертыфікаваная лабараторыя.
Комплексныя меры даюць вынік: у гаспадарцы павялічваюцца надоі малака, растуць прывагі буйной рагатай жывёлы. Усё малако пастаўляецца на перапрацоўку гатункам «экстра». Вырабы з яго карыстаюцца ў спажыўцоў вялікім попытам.
Як падкрэсліў у час ушанавання лепшых жывёлаводаў кіраўнік ААТ «Гарадзілава» Дзмітрый Грамовіч, стаўка ў гаспадарцы робіцца менавіта на чалавека. Вялікая ўвага надаецца работнікам, што дазваляе дабівацца высокіх паказчыкаў у вытворчасці. Калектыў у таварыстве дружны. Людзі працуюць на вынік. Адміністрацыя дапамагае работнікам рэалізаваць свой прафесійны патэнцыял.
У ААТ «Гарадзілава» ў рамках акцыі «Наш жывёлавод» заахвочванні абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі слесар па рамонце і абслугоўванні малочнага абсталявання МТФ «Шыпулічы» Віктар Табельскі, аператар машыннага даення МТФ «Гарадзілава» Алена Галавач, жывёлавод МТФ «Укропава» Людміла Аганесян, работнікі МТФ «Соўлава» слесар па рамонце і абслугоўванні малочнага абсталявання Яўгеній Варпаховіч і брыгадзір вытворчай брыгады Ларыса Паляковіч (яе працоўны стаж у гаспадарцы складае больш за 32 гады).
Былі адзначаны і жывёлаводы ААТ «Палачаны» — аператары машыннага даення МТФ «Аборак» Аксана Чарняўская і Ядвіга Чобат, іх калега з МТФ «Палачаны» Ганна Кавецкая, жывёлавод МТК «Груздава» Зінаіда Садоўская і брыгадзір вытворчай брыгады фермы «Цюрлі» Вольга Варанюк.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: архіў ААТ «Гарадзілава».