Новости Молодечно и Молодечненского района

Прадстаўнікі Казахстана падзякавалі за захаванне памяці

  • 2018-05-11 11:58:24
  • Алег Бяганскі


Ля брацкай магілы на старых могілках яны ўшанавалі памяць воінаў, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Узначальваў дэлегацыю Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у нашай краіне Ермухамет Ертысбаеў.

Казахстанцаў вельмі ўразіла экспазіцыя музея паветраных і вогненных таранаў, а таксама краязнаўчага музея школы-інтэрната. Госці пераканаліся, што памяць пра загінулых земляках у Радашковічах беражліва захоўваецца.

Нагадаем, што 26 чэрвеня 1941 года загінуў экіпаж самалёта Аляксандра Маслава, членам якога быў Бахтыраз Бейсбекаў. А ў ліпені 1944 года ў час наступальнай аперацыі «Баграціён» апошні бой прыняў Абдыжапар Маміеў.

Словы падзякі гераічнаму пакаленню за перамогу над фашызмам прагучалі ў час жалобнага мітынгу ля брацкай магілы. Намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская падкрэсліла, што з каварным і жорсткім ворагам змагаліся прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Яны паказвалі прыклады адданасці Айчыне, смеласці, вернасці салдацкаму абавязку. Захаванне гістарычнай памяці пра іх подзвіг -- залог ўмацавання і развіцця добрых адносін паміж краінамі.
-- У час вызвалення Беларусі звання «Герой Савецкага Саюза» былі ўдастоены 84 ураджэнцы Казахстана, -- адзначыў Ермухамет Ертысбаеў. – Яны ваявалі за свабоду і незалежнасць Радзімы. Многія казахстанцы загінулі на беларускай зямлі. Вось чаму свята Перамогі яднае нашы народы.

Госці пабывалі ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Пасол падзякаваў кіраўніцтву раёна, Радашковіцкі сельвыканкаму, калектыву і выхаванцам школы-інтэрната за захаванне памяці аб загінулых ураджэнцах Казахстана.