Як сведчаць матэрыялы гісторыкаў нашых землякоў Генадзя і Аляксандра Каханоўскіх, змешчаныя ў кнізе «Памяць», насельніцтва Маладзечаншчыны з вялікай узрушанасцю сустрэла прыход злучэнняў Чырвонай Арміі, якія перайшлі савецка-польскую мяжу. Уз’ядналіся многія сем’і, да гэтага раздзеленыя мяжой. Сотні людзей вярнуліся дадому са зняволення і ссылак. Сяляне бясплатна атрымалі ўчасткі былой панскай зямлі. Маладзечна заставалася цэнтрам павета, у якім налічвалася 508 населеных пунктаў, жыла 91 тысяча чалавек.
Газета «Чырвоны сцяг» -- друкаваны орган Часовага ўпраўлення Маладзечанскага павета, на сваіх сціплых дзвюх старонках паведамляла апошнія навіны. Расказвала, што ў горад было завезена 55 вагонаў солі, па 800 скрынак запалак і тытуню, 1130 тон газы.
У другім нумары за 30 верасня 1939 года газета пісала: «Працалюбівыя і свабодалюбівыя народы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі пры падтрымцы савецкіх людзей разгінаюць сваю спіну, знаходзяць Радзіму, якой яны былі пазбаўлены, а з ёй разам свабоду, мір, культуру, шчасце».
Праз месяц газета паведамляла сваім чытачам пра нацыяналізацыю прадпрыемстваў, пра адміністрацыйную рэарганізацыю: Маладзечна стала раённым цэнтрам спачатку Віленскай, а потым Вілейскай вобласці. Як і ў іншых гарадах, тут быў створаны гарвыканкам, старшынёй якога стаў К.М. Ценцявіцкі. Сярод першых дэпутатаў гарадскога Савета былі А.В. Сіняўскі, С.С. Станкевіч-Данкевіч, П.І. Ганецкі, Ф.І. Бубен і іншыя. У 1940 годзе раённым цэнтрам сталі і Радашковічы.
У Маладзечне працавалі дзве агульнаадукацыйныя і адна вячэрняя школы, прадметы вывучаліся на роднай беларускай мове. У будынку былой настаўніцкай семінарыі, пазней польскай гімназіі, у 1940 годзе адкрылася педагагічнае вучылішча імя Янкі Купалы. Па вуліцы Кірава адчыніў дзверы першы ў горадзе дзіцячы сад.
Газета «Чырвоны сцяг», якая праз год выдавалася на чатырох старонках тыражом крыху больш за тысячу экзэмпляраў, расказвала пра пераўтварэнні на тэрыторыі Заходняй Беларусі. «Я болей не батрак» -- называлася выступленне ў газеце былога батрака Міхася Чарнецкага з Палачанскай воласці, які расказваў, што батрачыў на пана 19 гадоў, а цяпер яму выдзелілі чатыры гектары зямлі, і ён упершыню пасеяў кавалак свайго жыта.
На былых панскіх землях арганізоўваліся першыя калгасы – у Выверах, Маркаве, Хажове, Раеўшчыне. Сярод першых маладзечанскіх трактарыстаў былі камсамолкі Ганна Татун, Марыя Кісель, Ганна Бярнацкая. Пры газеце гуртаваліся першыя селькоры, сярод іх і паэты К. Рагойша, Г. Харук, В. Рухля.
І праз 80 гадоў гэтыя падзеі застаюцца важнай вяхой гісторыі. Пра іх нам нагадваюць мемарыяльныя дошкі з імёнамі змагароў за нашу незалежнасць на дамах горада і сельскіх населеных пунктаў, а таксама вуліца 17 Верасня, размешчаная ў самым цэнтры Маладзечна.