Новости Молодечно и Молодечненского района

Першы ўкос завяршыўся. Вядзецца падрыхтоўка да жніва

  • 2023-06-19 08:44:53
  • Алег Бяганскі

-- Гаспадарка задзейнічала ў корманарыхтоўцы восем адзінак тэхнікі, -- паведаміў галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Аляксандр Карней. -- З-за засушлівага надвор’я асаблівая ўвага надавалася якасці і арганізацыі работ. З палёў убрана максімальна магчымая колькасць зялёнай масы. Гэтаму садзейнічалі папярэдняя падрыхтоўка сродкаў механізацыі і прафесіяналізм удзельнікаў кампаніі. Сянажныя траншэі закладваліся ў строгай адпаведнасці з нарматывамі.

Старшыня прафкама СУП «Хажоваагра-2009» Галіна Жохавец дадала, што ў станоўчых выніках корманарыхтоўкі зацікаўлены ўсе работнікі гаспадаркі. Жывёлаводам тады будзе гарантаваны высокі дастатак, прадпрыемству -- фінансавая стабільнасць, а работнікам арганізацыі, якія ўтрымліваюць сельскагаспадарчых жывёл, -- меню на зіму для сваіх гадаванцаў.

 

Галіна Жохавец і Анатолій Фурс у адным з бытавых памяшканняў мехдвара гаспадаркі.

 

Так, згодна з калектыўным дагаворам тры тоны сена на падворак выдзяляецца ўладальнікам каровы, дзве тоны -- на каня і тона -- таму, хто ўтрымлівае дробную рагатую жывёлу. На мой погляд, такі вопыт варты пераймання. Гэта заахвочвае людзей да сельскага ладу жыцця, дазваляе засяродзіць увагу спецыялістаў на выкананні сваіх абавязкаў.

У час пасяўной кампаніі, корманарыхтоўкі і жніва на механічную і рамонтную службы ўскладаецца дадатковая нагрузка. Ад прафесіяналізму адпаведных спецыялістаў у многім залежаць тэмп і якасць работ. Пры гэтым абслугоўваецца тэхніка менавіта на мехдвары, які нездарма называюць сэрцам любой гаспадаркі.

Галіна Жохавец расказала, што на мехдвары «Хажоваагра-2009» для вадзіцеляў, механізатараў, іншых спецыялістаў ствараюцца камфортныя ўмовы. Абсталяваны пакой для прыёму ежы, ёсць душавая, дыспетчарская, розныя службовыя памяшканні. Людзі могуць прайсці інструктаж, адпачыць, пераапрануцца.

За год работы ў гаспадарцы ў якасці спецыяліста Мікіта Давідовіч набыў бясцэнны вытворчы вопыт.

 

Пра асаблівасці корманарыхтоўкі мы пагаварылі з маладым спецыялістам інжынерам Мікітам Давідовічам. Ён год таму закончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Вучыўся па накіраванні гаспадаркі.

-- У час «зялёнага жніва» рабілі ўсё, каб звесці да мінімуму незапланаваныя прастоі, -- зазначыў субяседнік. -- Калі было магчыма, праблемы ліквідавалі прама ў полі. Аператыўна вырашалі пытанні з запчасткамі.

Субяседнік дадаў, што цяпер гаспадарка актыўна рыхтуецца да ўборачнай. На жніве плануецца задзейнічаць пяць збожжаўборачных камбайнаў, іншую тэхніку. У тым, што кампанія пройдзе на высокім узроўні, спецыяліст не сумняваецца.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.