У мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік начальніка УП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі» Віктар Ціхановіч, начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак аддзялення БЧ Валерый Калюжны, начальнік чыгуначнай станцыі Маладзечна Віктар Малайчук і начальнік вакзала Ларыса Дубовік.
Пытанні жыхароў горада і раёна ў асноўным тычыліся графіка руху пасажырскіх паяздоў, арганізацыі пасажырскіх перавозак чыгуначным транспартам і культуры абслугоўвання пасажыраў.
Так, педагогі Заскавіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад - базавая школа паскардзіліся, што час адпраўлення з Маладзечна электрычкі Мінск – Гудагай у 8.32 нязручны для іх. Калі дабірацца гэтым поездам, яны спазняюцца на работу. Таму даводзіцца ехаць электрычкай на 6.15, што вельмі рана. Пасажыры прасілі змяніць графік руху, каб поезд з Маладзечна адпраўляўся каля
8 гадзін раніцы.
— Мы абавязкова разгледзім вашу прапанову. Адпаведнае рашэнне будзе размешчана на сайце Беларускай чыгункі, — паведаміў Валерый Калюжны.
Жыхарка нашага горада выказала незадаволенасць марудным, як яна лічыць, абслугоў-ваннем пасажыраў на прыпыначным пункце «Фестывальны». Па яе словах, некаторыя пасажыры да прыходу поезда не паспяваюць купіць білеты і ў выніку вымушаны ехаць «зайцам». Сітуацыю магла б выправіць устаноўка тэрмінала, калі білеты можна набыць па банкаўскай картцы.
— Білеты на электрычку можна купіць за 10 дзён да паездкі або набыць праязны. Таму зусім не абавязкова прыходзіць на прыпыначны пункт задоўга да патрэбнага рэйса. Акрамя таго, сёлета Беларуская чыгунка плануе запусціць мабільны дадатак, які дазволіць аплачваць білеты праз тэлефон. Што тычыцца тэрмінала, то на «Фестывальным» ён абавязкова з’явіцца. Гэта толькі пытанне часу і фінансаў, — паведаміў начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак.
Адно з пытанняў тычылася бяспекі ў час паездак. Выказвалася прапанова абсталяваць усе вагоны сістэмай відэаназірання для магчымасці аператыўнага спынення супрацьпраўных дзеянняў.
— Усе новыя пасажырскія вагоны маюць такую сістэму. У тых, што эксплуатуюцца без яе, ёсць кнопка экстраннай сувязі з машыністам. Яна якраз і пры-значана для такіх сітуацый. Паведаміце машыністу пра здарэнне, і ён выкліча нарад міліцыі, — адказаў Віктар Ціхановіч.
— Часта езджу ў лідскім напрамку. Лічу, што паяздоў на гэтым маршруце мала. А ў рабочыя дні з 8.44 да 16.27 увогуле няма. Ці магчыма выправіць сітуацыю? – запыталася адна з пасажырак.
Як адзначыў Валерый Калюжны, акупнасць пасажырскіх перавозак прыгарадных маршрутаў у Беларусі — усяго 30 працэнтаў. Таму пры складанні графіка руху паяздоў улічваецца аб’ём пасажырапатоку па кожным напрамку. Зваротаў з просьбай пусціць дадатковы дзённы поезд на Ліду кіраўніцтву Беларускай чыгункі не паступала. Значыць, ён не запа-трабаваны ў пасажыраў.