Новости Молодечно и Молодечненского района

Пад мірным небам Беларусі

  • 2018-05-11 06:32:28
  • Аляксандр Лазоўскі

Усё менш ветэранаў вайны збіраецца на ўсенародныя ўрачыстасці. Радзеюць некалі шчыльныя шарэнгі франтавікоў і партызан, сыходзяць ад нас жывыя носьбіты гераічнай гісторыі. На жаль, на вялікі жаль…

Вось і на абласное мерапрыемства, прымеркаванае да 73-й гадавіны перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, ад Маладзечна прысутнічалі ўсяго толькі трое прадстаўнікоў пакалення пераможцаў – былыя франтавікі Аляксандр Іванавіч Аўдзееў, Віталій Канстанцінавіч Закаблук і былая партызанка Алена Пятроўна Галаван. З некаторых раёнаў вобласці ў Барысаў ніхто не прыехаў…

...У гэты дзень цэнтральная частка горада нагадвала вялікую тэатралізаваную пляцоўку. Прадстаўнікі многіх навучальных устаноў Міншчыны прапаноўвалі разнастайныя сцэнкі з франтавога і партызанскага побыту, далучыцца да якіх мог кожны ўдзельнік свята. Добра, што ў Беларусі толькі «гуляюць» у вайну, а не ваююць на самай справе.

Афіцыйная частка пачалася з ускладання кветак да помніка «Ахвярам фашызму», што ўстаноўлены ў скверы на вуліцы Чкалава. У першых радах – ветэраны, кіраўніцтва аблвыканкама і раённых выканаўчых камітэтаў, вайскоўцы, прадстаўнікі сілавых структур, маладзёжных арганізацый. Затым святочная калона накіравалася на галоўную канцэртную пляцоўку, абсталяваную на плошчы ля будынка райвыканкама.
Старшыня аблвыканкама Анатолій Ісачэнка ў сваім выступленні яшчэ раз нагадаў, у барацьбе з якім жорсткім ворагам савецкі народ здабыў перамогу, адстаяў свабоду і незалежнасць, шматлікімі ахвярамі садзейнічаў вызваленню многіх народаў Еўропы. Памяць пра пакаленне пераможцаў жыве і будзе жыць у сэрцы кожнага беларуса, перакананы кіраўнік вобласці. Ад імя абласнога выканаўчага камітэта і абласнога Савета дэпутатаў ён выказаў падзяку тым, хто ваяваў з ворагам на франтах і ў партызанскіх атрадах, змагаўся ў падполлі, хто ў тыле сваёй працай каваў перамогу.

– Вось так шырока і маляўніча адзначаць адно з галоўных свят Беларусі – добрая традыцыя нашага народа. І яна будзе працягвацца, бо памяць пра Вялікую Перамогу непадуладная часу, – перакананы Анатолій Ісачэнка.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Яфімавіч Парабковіч прыехаў на свята з Узды. Ветэран заклікаў сваіх таварышаў яшчэ раз прыгадаць суровыя ваенныя будні, калі, не зважаючы на боль і раны, змагаліся за Радзіму і яшчэ мацней згуртавацца ў справе ўмацавання дзяржавы, быць прыкладам для моладзі.

Юрый Марозаў, дзесяцікласнік адной з барысаўскіх гімназій, запэўніў ветэранаў: маладыя будуць вартымі прадаўжальнікамі традыцый старэйшых пакаленняў, сваімі справамі будуць умацоўваць краіну.
Над плошчай гучыць метраном – удзельнікі мерапрыемства хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто загінуў у барацьбе з ворагам, і хто не дажыў да сённяшняга дня.

У гукі святочнага горада ўрываецца шум матораў – на маршы ваенная колавая і гусенічная тэхніка: устаноўкі залпавага агню, зенітныя комплексы, танк і БМП, мінамёты і гарматы. І дарослыя, і малыя, стаіўшы дыханне, сачылі за яе перамяшчэннем – ёсць штосьці заварожваючае ў гэтым. А праз колькі ўжо часу дзеці абляпілі грозныя машыны: вайскоўцы дазволілі кожнаму забрацца на браню, пасядзець за штурвалам альбо націснуць на гашэтку кулямёта.

Урачыстасці паступова набываюць песенна-танцавальны фармат. Пад гукі мелодый ваеннай пары і мірнага часу кружаць у вальсе маладыя беларусы. Над імі мірнае блакітнае неба і гарачае майскае сонца. Няхай так будзе заўсёды!

Фота: Алесь САВІЦКІ.