У чацвер святочную літургію ў храме Георгія Перамаганосца ўзначаліў епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел. Ён прычасціў вернікаў, сардэчна павіншаваў са святам, адным з самых старажытных у хрысціянскай царкве. У пропаведзі заклікаў прыхаджан паважаць адзін да аднаго, удасканальваць сваё духоўнае жыццё.
– Думайце не пра сёння ці заўтра, -- сказаў архіпастыр. -- Думайце пра жыццё вечнае. Беражліва збірайце добрае, карыснае для душы, імкніцеся да праведнасці і не разменьвайцеся на мітусню. Знайдзіце час удзяліць увагу блізкаму, затрымацца ў храме, беражліва стаўцеся да хрысціянскіх святынь і заўсёды памятайце аб пакаянні…
Пра гісторыю свята расказаў настаяцель Свята-Георгіеўскага храма Віталій Мацюлька. Пачулі мы і адказ на пытанне, чаму асвечаная вада іншым разам «паводзіць» сябе па-рознаму. У адным доме захоўваецца на працягу доўгага часу, у іншым -- мутнее і становіцца не прыгоднай для піцця. Магчыма, справа ў атмасферы, якая пануе ў сям’і. Калі гучыць лаянка, нярэдкія сваркі, а часам і бойкі, пра якую павагу да святыні можна гаварыць?
Нагадаў айцец Віталій і пра важнае значэнне вады ў жыцці кожнага чалавека, без якой не абысціся… У нашы дні, як і стагоддзі таму, вада служыць для духоўнага ачышчэння чалавека. Галоўнае, каб мы з удзячнасцю прымалі тое, што нам дае Гасподзь, і шчыра імкнуліся да жыватворных крыніц праваслаўнай веры.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.