Новости Молодечно и Молодечненского района

Па дарозе ў вёску

  • 2025-09-23 15:47:58
  • Олег БЕГАНСКИЙ

З Кацярынай БІРУКОВАЙ пазнаёміўся ля аўтобуснага прыпынку на дарозе Хоўхлава – Дворышча. Па лясной сцежцы мы разам ішлі ў вёску Сухапараўшчына. Жанчына несла некалькі пакетаў з пакупкамі. Дарога была кароткай, таму размова атрымалася нядоўгай, але змястоўнай.


– Нарадзілася я ў гэтай вёсцы, – паведаміла Кацярына Аляксандраўна. – Вучылася ў Хоўхлаўскай школе. Пасля яе заканчэння працавала на цагляным заводзе ў Прудах. Потым дваццаць гадоў аддала чыгунцы. У бацькоўскі дом езджу рэгулярна – трэба даглядаць падворак, наводзіць парадак, сачыць, каб усё было добра.

Субяседніца адзначыла, што жыхароў у Сухапараўшчыне няшмат. У асноўным пенсіянеры. Усе людзі ведаюць адзін аднаго. Некалькі дамоў купілі дачнікі. Прадукты вяскоўцы могуць набыць у аўтакраме. Сама вёска прыгожая. Раней побач працякала стромкая рэчка. У апошнія гады яна абмялела. Навакольны лес дае добры ўраджай грыбоў і ягад. Увогуле, мясціны тут вельмі прыгожыя.

– «Маладзечанскую газету» абавязкова выпісваю, – дадала Кацярына Бірукова. – Праўда, не сюды, а па месцы пастаяннага жыхарства. Люблю чытаць пра вёску. Некаторых герояў публікацый ведаю асабіста. Асабліва сачу за падзеямі ў Маркаве, Насілаве, Хоўхлаве, Хажове, іншых сельскіх населеных пунктах. Падабаецца, што журналісты пішуць на розныя тэмы.

P.S. Мы рады такой ацэнцы нашай чытачцы. Імкнёмся пабываць у розных, нават невялікіх населеных пунктах, сустрэцца і пагаварыць з большай колькасцю людзей. Так мы разам ствараем аб’ектыўную карціну жыцця раёна, расказваем пра яго мінулае, сучаснасць і перспектывы.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ